НА ЗАХАДЗЕ ПАЧЫНАЮЦЬ РАТАВАЦЦА АД КАЛЕЦТВА МАС-КУЛЬТУРЫ

18 сьнежня 2006 г. Нямецкая газэта “Die Welt” піша пра ўмяшальніцтва дзяржаваў у справу рэклямнага бізнэсу. У Італіі цяпер узаконены шэраг правілаў у мадэльным бізнэсе. На памост для паказу модаў забаронена выпускаць дзяўчат, маладзейшых за 16 гадоў. Мадэлі павінны праходзіць мэдычнае абследваньне на прадмет адэкватнага харчаваньня, стану здароўя і нармальнай масы цела. Такія ж правілы ўведзены ў Гішпаніі. Прыняцьце новых нормаў адбылося пасьля сьмерці ад дыстрафіі ў лістападзе сёлета адной славутай бразільскай мадэлькі. Няшчасная пры росьце ў 174 см мела вагу цела ў 40 кг (!). Многія дзяўчаты і жанчыны, успрымаючы мадэляк як ідэал, даводзілі сабе да калецтва і сьмерці, адмаўляючыся ад паўнавартаснага харчаваньня. Гэта зрабілася цэлай праблемай на Захадзе.

Наш камэнтар: Гэты збачэнскі “ідэал”, на жаль, паўзьдзейнічаў на многіх беларускіх дзяўчат (прыгажэйшых у сьвеце). Яны пачалі адмаўляцца ад ежы, нацягваць на твары мадэльную халодную маску, капіраваць паходку і манернасьць няшчасных работніцаў моднага памосту. Заходняя маскультура ўварвалася ў натуральнае жыцьцё многіх беларусаў і не нарабіла нічога, акрамя шкоды. Урэшце нават на Захадзе ўбачылі антычалавечую разбуральнасьць гэтых манераў. Мусім і мы зразумець, што не заходняй маскультуры трэба пакланяцца, а імкнуцца засвоіць сапраўдныя каштоўнасьці эўрапейскай культуры. А пры гэтым не забывацца, што беларускі народ, наша культура і гісторыя зьяўляюцца інтэгральнай часткай вялікай эўрапейскай культуры, а не расейскай папсы.

Валеры Буйвал