АНТЫБЕЛАРУСКІ РЭЖЫМ СПЫНІЎ ГУМАНІТАРНУЮ ПРАГРАМУ

18 сьнежня 2006 г. Ангельская газэта “Guardian” паведамляе, што улады РБ забаранілі выезд 2500 беларускіх сіратаў на калядны адпачынак у Італію. Такім чынам, ніхто з беларускіх дзяцей у Італію не паедзе. Міністар сацыяльнай салідарнасьці Італіі Паола Фэрэра заявіў, што “беларускія ўлады выкарысталі дзеля адмовы сёлетні інцыдэнт і запатрабавалі, каб беларускія дзеці знаходзіліся ў Італіі ня ў семьях, а толькі ў дзіцячых установах”. Італьянскі бок не пагадзіўся на патрабаваньні афіцыйнага Менску, таму што сотні італьянскіх семьяў чакалі малых беларусаў. Сёлетні інцыдэнт — гэта вынік антыпраўнага рашэньня адной італьянскай сямьі не вяртаць у беларускі дзіцячы дом беларускую дзяўчынку. Малая расказала пра зьдзекі і пабоі ў дзяржустанове. Сямья доўга вяла барацьбу за ўдачкаваньне беларускі. Але яе адвезьлі назад у Беларусь і аддалі ў беларускую сямью.

Наш камэнтар: Ужо і італьянскі міністар зразумеў, што шклоўскі рэжым выкарыстаў інцыдэнт з 10-гадовай Вікай дзеля разгрому дзіцячых гуманітарных праграмаў. Прамаскоўскі рэжым разбурыў эканоміку краіны, зрабіў беспрацоўнымі сотні тысячаў семьяў, шалёнай русіфікацыяй і алкагалізацыяй дэмаралізуе насельніцтва. Тысячы дзяцей жывуць у атручаных Чарнобылем раёнах і спажываюць атручаную, небясьпечную для здароўя ежу. Ухапіўшыся за нагоду, антыбеларускі рэжым гвалтоўна спыніў гуманітарную праграму, якая дзейнічала на працягу ўжо 16 гадоў — пасьля таго, як Беларускі Народны Фронт “Адраджэньне” разбурыў мур хлусьні вакол чарнобыльскай бяды і зьвярнуўся да сьвету з заклікам дапамагчы беларускім дзецям. Шклоўскі рэжым зьдзяйсьняе чарговае злачынства супраць беларускіх дзяцей. Забарона калядных вакацыяў для сіратаў — гэта не выпадковасьць. Масква і яе мясцовыя паслугачы баяцца любых кантактаў беларусаў з цывілізаваным замежжам. Гэта ёсьць частка акупацыйнай палітыкі ізаляцыі беларускага народу ад культурнага сьвету.

Юрка Марозаў