АБ ПАГРОЗЕ СУВЕРЭНІТЭТУ БЕЛАРУСІ З БОКУ РАСЕІ
Пуцінская ўлада выкарыстоўвае статус Расеі — краіны прадаўца энергетычных рэсурсаў (нафты і газу) для палітычнага ціску на Беларусь з мэтай стварэньня эканамічнага крызісу і ліквідацыі суверэнітэту Беларускай дзяржавы. Пра гэта расейскае кіраўніцтва, палітычныя прадстаўнікі і нават рускі амбасадар у Беларусі А. Суркоў гавораць груба, наўпрост, не хаваючы плянаў анэксіі нашай краіны, якую яны плянуюць ажыцьцявіць шляхам незаконнага рэфэрэндуму аб так званым “канстытуцыйным акце” і пад выглядам наступнага нібыта “аб’яднаньня дзяржаваў”.
Гэтая грубая і агрэсіўная палітыка эканамічнага шантажу і душэньня Беларусі, разьвязаная расейскім кіраўніцтвам, наўпрост супярэчыць трэцяму пункту Будапэшцкага Мэмарандуму 1994 года аб гарантыях бясьпекі Беларусі, прынятага Злучанымі Штатамі Амэрыкі, Вялікабрытаніяй і Расеяй, падпісанага Беларусяй у знак згоды на адмаўленьне ад ядзернай зброі.
Пункт 3 запісаны так:
“ЗША, РФ, Злучанае Каралеўства пацьвярджаюць іхныя абавязацельствы да Рэспублікі Беларусь, у адпаведнасьці з Прынцыпамі Заключнага Акту АБСЭ, не прыбягаць да эканамічнага ціску з мэтай падпарадкаваць сваім інтарэсам выкарыстаньне Рэспублікай Беларусь яе правоў, неад’емных ад яе суверэнітэту, а таксама не забясьпечваць сабе перавагі якога кольвечы кшталту.”
Пагроза суверэнітэту Беларусі з боку Расеі вымагае прывядзеньне ў дзеяньне п. 6 згаданага Мэмарандуму. Мы настойваем на выкананьні гэтага пункту і правядзеньня кансультацыяў трох краінаў (ЗША, Вялікабрытаніі, Расеі) аб парушэньні Расеяй прынятых забавязацельстваў і аб пагрозе дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі.
Гэты ліст падпісаны прадстаўнікамі беларускай эліты, перадаецца прэзыдэнту Д. Бушу, прэм’ер-міністру Т. Блэру, прэзыдэнту У. Пуціну дзеля прыняцьця рашэньняў і дзеяньняў у абарону Беларусі.
Кіраўніцтва Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ:
Зянон Пазьняк, старшыня,
Юры Беленькі, намесьнік старшыні,
Сяргей Папкоў, намесьнік старшыні
18 сьнежня 2005 г.