КАРОТКІЯ ПАВЕДАМЛЕНЬНІ
Часопіс “Дзеяслоў” № 5 (24) 2006 надрукаваў міні-рэцэнзію на кніжку Сяргея Навумчыка наступнага зьместу:
“Сяргей Навумчык. Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995). Варшава: “Беларускія ведамасьці”, Прага: “Чалавек у нядолі”, 2006. — 140 стар.: іл. Наклад 1000 ас.
“Рацыя падзеяў мераецца праўдай рэальнасьці... У кнізе Сяргея Навумчыка адлюстравана наша рацыя, наша беларуская праўда і наша змаганьне...”, — піша ў прадмове да гэтай кнігі Зянон Пазьняк, і зь ім нельга не пагадзіцца. Гэта кніга пра час, калі рамантычныя мары “шасьцідзесятнікаў”, іх папярэднікаў і наступнікаў упершыню ў гісторыі матэрыялізаваліся ў незалежную дзяржаву... Гэта кніга, якая можа і павінна стаць асновай для будучых падручнікаў па найноўшай беларускай гісторыі. Так падрабязна і дакладна, грунтуючыся на дакумантах і асабістых назіраньнях, пра час знакавы ў нашай гісторыі, яшчэ не пісаў ніхто. Добра было б, каб і іншых сьведкаў і відавочцаў тых падзеяў яна абудзіла да працы. Напісанае застаецца...”
У нумары 4 (23) 2006 Дзеяслоў надрукаваў таксама кароткую згадку пра другое выданьне паэмы Зянона “Вялікага Княства”. Зьмяшчаем гэты тэкст:
“Зянон. “Вялікае Княства”. Паэма ў трох частках, фатаграфіях і вершах. Нью-Ёрк–Варшава–Вільня: “Беларускія Ведамасьці”, Таварыства Беларускай Культуры ў Летуве, 2005. — 132 стар.: іл. Наклад 1100 ас.
Чытачы “Дзеяслова” мелі шчасьлівую мажлівасьць пазнаёміцца з паэмай летась у №№ 17–18. Але кніга па-свойму ўнікальная, бо зьмяшчае апроч паэмы фотаздымкі Зянона, невялікі слоўнічак, а таксама вершы зь некалькіх цыклаў пад тым жа агульным назовам “Вялікае Княства”. Прадмову да кнігі напісаў захоплены талентам паэта Зянона Рыгор Барадулін, а пасьляслоўе — сябра і паплечнік Сяргей Навумчык, які сьцьвярджае: “Асабіста для мяне, стылёва і ідэйна “Вялікае Княства” стаіць побач з “Панам Тадэвушам” Адама Міцкевіча — шчымлівай настальгічнасьцю па далёкай Бацькаўшчыне — і “Новай Зямлёй” Якуба Коласа — спрадвечным жаданьнем быць на сваёй зямлі гаспадаром”.
Няма нічога цяжэйшага,
Як бачыць, што справа,
Якой прысьвяціў жыцьцё,
Падае, разбураецца на вачах.
І ўсе твае вынікі
Руйнуюцца ў друз,
Рагочуць ворагі на папялішчах...
Але не апускайма рук,
Не спыняймася.
Бо толькі калі выйдзем на шлях,
Убачым будучыню.
Ня спынімся... Убачым!