ПАКАРАНЬНЕ ЗЛА
15 сьнежня 2006 г. Нідэрляндская газэта “De Telegraaf” паведамляе пра прыняцьце новага закону парлямантам Гішпаніі. Праз 31 год пасьля сьмерці дыктатара Франка прыняты закон аб “маральнай кампэнсацыі”. Закон асуджае як злачынную практыку перасьлед грамадзянаў і забойства пераможаных рэспубліканцаў франкіскім рэжымам пасьля грамадзянскай вайны (95 тысячаў расстраляных). Забараняецца таксама ўсхваленьне дыктатуры Франка (існавала з 1939 па 1975 гг.). Забараняюцца помнікі дыктатуры і дыктатару. Акрамя аднаго мэмарыялу, пабудаванага палоннымі рэспубліканцамі паводле загаду Франка ў 1940-50-я гады непадалёк ад Мадрыда. Гэта — могілкі 34 тысячаў ахвяраў грамадзянскай вайны (1936-39 гг.), прычым ахвяраў з абодвух бакоў канфлікту. У цэнтры ўзвышаецца шматмятровы Крыж. У комплексе ёсьць таксама вялікі касьцёл, дзе знаходзіцца й магіла самога Франсіска Франка. “Недастатковым” гэты закон назвалі левыя дэпутаты і прадстаўнікі народных (нацыяналістычных) партыяў (каталёнцы, баскі і інш.). Яны патрабавалі вызначыць увесь пэрыяд існаваньня рэжыму Франка як “нелігітымны”.
Наш камэнтар: Настане і ў нацыянальна-дзяржаўным жыцьці беларусаў пэрыяд “маральнай кампэнсацыі”. Будуць названыя сваімі імёнамі расейскі фашызм і імпэрыялізм, расейская акупацыя Беларусі і расейскі генацыд беларускага народу. Будуць ўшанаваныя змагары за вольную Беларусь, героі і ахвяры нацыянальнага змаганьня. Будуць забаронены і выдалены з публічных месцаў знакі і помнікі расейскай акупацыі кшталту манумэнтальных ленінаў і “лініі Сталіна”. Будуць прыцягнены да крымінальнай і палітычнай адказнасьці ня толькі арганізатары і выканаўцы расейскага гэбізму на тэрыторыі Беларусі, але таксама й тыя, хто разам з гансвікамі і рэжымам гнаў і заклікаў беларусаў удзельнічаць у антызаконных псэўдавыбарах. Без пакараньня зла, без вызваленьня ад зла ня можа быць нармальнага народнага жыцьця.
Юрка Марозаў