ТЭАТРАЛЬНАЯ ПАСТАНОЎКА КРАМЛЁЎСКІХ РЭЖЫСЁРАЎ

Зусім нядаўна сёлета ў Бішкеку адбылася тэатральная пастаноўка крамлёўскіх рэжысёраў пад назвай “каляровая рэвалюцыя апазыцыі”. Тры дні на плошчы перад парлямантам пастаялі натоўпы грамадзянаў, паслухалі прамовы мясцовых прамаскоўскіх мілінкевічаў. Яны папалохалі прэзыдэнта Кыргызтана Бакіева (пастаўленага летась той жа Масквой на пасаду). Потым кыргызкія мілінкевічы заклікалі людзей разысьціся па хатах.

Мы камэнтавалі тыя падзеі на старонцы pbpf.org і выказалі меркаваньне, што Масква выкарыстала кыргызкіх падстаўных дзеля ціску на свайго ж прамаскоўскага Бакіева (“чтобы не зарывался товарішч”). Мы параўналі гэтую практыку з падобнымі прыёмчыкамі, якія Крэмль адпрацоўваў з дапамогай менскіх мілінкевічаў-вінцучкоў-лебедько ў Беларусі дзеля штучнага ціску на Лукашэнку. Пасьля заканчэньня бішкецкіх “пратэстаў” мы выказалі таксама меркаваньне, што Масква праз прамаскоўскую “апазыцыю” першым чынам прымусіць Бакіева вывесьці амэрыканскую вайсковую базу з тэрыторыі Кыргызтана.

Прызнацца, як у ваду глядзелі. 15 сьнежня дэпутаты кыргызкага парляманту прынялі рашэньне — цытуем: “Разглядзець пытаньне аб мэтазгоднасьці знаходжаньня на тэрыторыі Кыргызтана амэрыканскай вайсковай базы”. Зачэпкай для дэпутацкай ініцыятывы стаў інцыдэнт, што адбыўся на тэрыторыі базы 7 сьнежня. Праз браму базы на яе тэрыторыю заехаў кыргызкі грузавік, кіроўца не выконваў загад аховы спыніцца. Больш таго, выхапіў нож і пагражаў амэрыканскім жаўнерам. Тыя застрэлілі яго. Цікава, што прозьвішча “кыргыза” — Іванов. Амэрыканцы сьцьвярджаюць, што забіты быў пад уздзеяньнем наркотыў або алкаголю. Лубянка “бярэ штурмам” яшчэ адзін аб'ект на чужой зямлі. Тым часам у Кыргызтане атабарваюцца расейскія войскі.

Янка Базыль