ГАНЕБНАЕ АНТЫБЕЛАРУСКАЕ РАШЭНЬНЕ
5 сьнежня рабочая група Эўразьвязу большасьцю галасоў прыняла рашэньне выключыць Беларусь з Генэральнай сыстэмы прэфэрэнцыяў. Гэта было зроблена ў сувязі з парушэньнем у Беларусі правоў прафсаюзаў рэжымам Лукашэнкі. Чакаецца, што да канца месяца рашэньне пра выключэньне ўхваляць сталыя прадстаўнікі краінаў Эўразьвязу. Наступствам такога разьвіцьця падзеяў маюць стаць шматмільённыя страты для Беларусі.
Паводле экспэртаў, страты Беларусі ў выпадку канчатковага рашэньня Эўразьвязу аб прыпыненьні прэфэрэнцыяў складуць ня менш як 300 мільёнаў даляраў. Гэта стане вынікам павелічэньня мытаў на шэраг беларускіх тавараў, якія імпартуе Эўразьвяз. Скасаваньне прэфэрэнцыяў закране, у прыватнасьці, мінэралы, лесаматэрыялы, тэкстыль. У ліку экспарцёраў тэкстыльнай прадукцыі ў краіны ЭЗ менскае прадпрыемства “Сукно”. У прыватнасьці, яно прадае ў Летуву й Латвію драп. Да апошняга рашэньня экспэртаў Эўразьвязу на прадпрыемстве ставяцца з трывогай. Супрацоўніца службы маркетынгу Галіна Наўковіч:
(Наўковіч:) “Прыбалтыка плаціць у сябе ўвазныя мыты. Гэта ў іх як імпарт. Калі павялічаць, то, зусім магчыма, што па цане наша прадукцыя стане даражэйшай і экспарт зьменшыцца”.
Яшчэ больш устрывожаныя рэальнай пагрозай эканамічных санкцыяў з боку Эўразьвязу ў Баранавіцкім вытворчым баваўняным аб'яднаньні. Тут у эўрапейскія краіны пастаўляюць асноўную частку экспарту. Кіраўнік службы маркетынгу Аляксандр Дульчэўскі:
(Дульчэўскі:) “Для нас гэта будзе катастрофа, бо ў нас 60-80 працэнтаў прадукцыі ідзе на экспарт ў Эўразьвяз. У асноўным гэта баваўняныя тканіны. Іх пастаўляем у такія краіны, як Польшча, Чэхія, Італія, Нямеччына. І калі гэта будзе прынята, то гэта адразу пацягне за сабою павелічэньне цаны”.
Пагроза эканамічных санкцыяў Эўразьвязу справакаваная парушэньнем ўладамі Беларусі правоў незалежных прафсаюзаў. Як ставяцца іх прадстаўнікі да ініцыятывы Брусэлю? Намесьнік старшыні Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Мікалай Канах:
(Канах:) “Яно ня радуе. Нам бы, вядома, лепш было б, каб эўрапейская супольнасьць, камісіі Міжнароднай арганізацыі працы дамагліся, каб былі адменены дэкрэты, каб прымусілі выканаць рэкамэндацыі МАП. А калі скасуюць прэфэрэнцыі, то ўсё застанецца на месцы, і дзе гарантыя, што горш ня стане?! Наадварот, будуць казаць, што з-за нас, прафсаюзаў, “мы страцілі зь бюджэту столькі вось грошай”.
Адным словам рашэньне эўрапейскай бюракратыі накіравана у корані супраць інтарэсаў беларускага народа. Павялічыцца беспрацоўе і асабліва цэны, Лукашэнку і камарыльлю гэта не даткне. Злупяць трыста мільёнаў зь беларусаў, ківаючы на Захад. Гэтак яны сумеснымі намаганьнямі нішчаць Беларусь. Усё гэта брусэльцы робяць пад выглядам клопатаў пра дэмакратыю і вольныя прафсаюзы на Беларусі. Дорага ж беларусам абыдуцца гэтыя “клопаты”. Нават самыя прафсаюзьнікі, як бачым, ня хочуць такіх клопатаў.
Знайшлася, праўда, сярод беларусаў чалавечая істота, што пахваліла рашэньне Брусэлю. На прэсавай канфэрэнцыі ў Страсбуры (пасьля атрыманьня з рук брусэльцаў абсалютна не заслужанай прэміі Сахарава) Аляксандар Мілінкевіч сказаў наступнае:
“Што да прэфэрэнцыяў, то я пакінуў бы тое рашэньне, якое прапануе Эўракамісія. Прэфэрэнцыі — гэта льготы, дадатковы стымул для разьвіцьця. Існуюць правілы, каму даваць, а каму — не. Калі Беларусь парушыла, то яе трэба пазбаўляць ільготаў”. Гэты чалавек раней фармальна балятаваўся на прэзыдэнта Беларусі.
Тамаш Ракса (паводле радыё Свабода)