АКУПАЦЫЙНАЕ РУСАЦЯПСТВА І ГАРЫБАЛЬДЗІ
Італьянскі тэлеканал RAI Uno паказаў 6 сьнежня сюжэт, прысьвечаны праўнучцы Джузэпэ Гарыбальдзі. Высакародная прыгожая бабуля распавядала пра сваю сямью, пра памяць аб вялікім продку. Яна запрасіла тэлегрупу ў сваю рымскую кватэру, паказала прадметы рэвалюцыйнай эпохі, партрэты і рэчы Гарыбальдзі. У адказ тэлегрупа падарыла ёй чырвоную кашулю пакрою 1860 года. Цікава, што тэлесюжэт быў падрыхтаваны ў рамках забаўляльнай праграмы, дзе зазвычай шмат музыкі, паказаў моды, часам легкадумных момантаў. Але ў гістарычным сюжэце аўтары праграмы і тэлевядучыя захавалі галоўнае: павагу да чалавека, да гістарычнай памяці, да далёкіх падзеяў. Падумалася, які яркі кантраст з тэлефальшыўкай пад назовам БТ. У менскім тэлецэнтры сабралася зграя бездараў, якія адэкватна разумеюць, чаго хоча ад іх антыбеларускі рэжым і хватка выконваюць рэжымны загад. Стылёвыя прыкметы іхнай “творчай дзейнасьці” гэта — невыносная нуда, падкрэсьленая правінцыйная “русскость”, лексічнае крыўляньне, несхаваная нянавісьць да ўсяго беларускага, сабачая вернасьць шклоўскаму рэжыму і Маскве. І так ва ўсім, за што б яны не ўзяліся: ад блёку афіцыйных навінаў да забаўляльных праграмаў (куды мабілізаваны пачвары з антыбеларускага тэатру “Хрыстафор”). Які ўсё ж кантраст!
Таленавіты творца нават ў плыні заходняй маскультуры здолее захаваць годнасьць сапраўднага мастацтва, расказаць пра нацыянальную славу. Камэнтатары моды не выпадкова падарылі бабуле Аніце чырвоную кашулю. Кожны італьянец ведае, што гэта быў за строй. Калі ў 1860 годзе Гарыбальдзі падняў паўстаньне за вызваленьне і ўзьяднаньне Італіі, ягоны атрад меў толькі тысячу чалавек, апранутых у чырвоныя кашулі (знак адсутнасьці страху перад крывёй і сьмерцю). Слабаўзброены атрад атакаваў ворага з такім імпэтам і сьмеласьцю, што да яго з кожным днём далучаліся новыя патрыёты. З Сіцыліі гарыбальдзійцы пайшлі вызвольнай выправай праз Поўдзень Італіі на Таскану, Парму, Падую, ператвараючыся ў магутную народную армію. Барацьбіты знайшлі міжнародную дапамогу і хаўрусьнікаў. Англія забясьпечыла іх зброяй. Францыя прыслала войскі. Італьянцы пагналі аўстрыйскіх акупантаў і іхных мясцовых паслугачоў. Але першыя крокі на шляху перамогі зрабіла невялікая група патрыётаў, якая разьлічвала толькі на сябе і на народную салідарнасьць.
Юрка Марозаў