“АКТ АБ ДЭМАКРАТЫІ ДЛЯ БЕЛАРУСІ” ПАДОЎЖАНЫ
Палата прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША прагаласавала за падаўжэньне на два гады тэрміну дзеяньня “Акту аб дэмакратыі для Беларусі”. Прапанова аб падаўжэньні дзеяньня “Акту аб дэмакратыі для Беларусі” была прадстаўленая сёлета ў ліпені. Ключавую ролю ў падрыхтоўцы дакумэнту да пятнічнага абмеркаваньня ў Кангрэсе ЗША адыграў рэспубліканец, сустаршыня амэрыканскай Хэльсынскай камісіі Крыс Сьміт.
Вынесены на разгляд законапраект падтрымалі 397 кангрэсмэнаў, два кангрэсмэны прагаласавалі супраць.
У “Акце аб дэмакратыі для Беларусі” акрэсьлены асноўныя палажэньні палітыкі ЗША ў дачыненьні да Беларусі. У дакумэнце чарговы раз зьмешчаны заклік да беларускіх уладаў неадкладна — без папярэдніх умоваў — вызваліць усіх палітычных зьняволеных. Злучаныя Штаты падкрэсьліваюць, што не прызнаю?ць вынікаў сёлетніх прэзыдэнцкіх выбараў, і заклікаюць да правядзеньня новых выбараў.
У дакумэнце падкрэсьліваецца падтрымка Злучанымі Штатамі імкненьня беларускага народу да захаваньня незалежнасьці і сувэрэнітэту Беларусі. Паводле “Акту аб дэмакратыі”, ЗША не прызна?юць вынікаў любога магчымага рэфэрэндуму, які паставіць пад пагрозу незалежнасьць Беларусі. Тым самым Злучаныя Штаты чарговы раз паказваюць сябе як гаранта палітычнай незалежнасьці Беларусі.
Сярод умоваў, неабходных для разгляду прэзыдэнтам ЗША пытаньня аб зьняцьці санкцыяў у адносінах да кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь, — вызваленьне ўсіх асуджаных у Беларусі з палітычных матываў; спыненьне палітычна матываваных крымінальных справаў у адносінах да беларускіх апазыцыйных актывістаў і незалежных журналістаў; дэталёвае расьсьледаваньне акалічнасьцяў зьнікненьня апазыцыйных палітыкаў; спыненьне ўсіх формаў уціску незалежных СМІ, незалежных прафсаюзаў, няўрадавых арганізацыяў, рэлігійных супольнасьцяў і палітычнай апазыцыі; прыцягненьне да адказнасьці прадстаўнікоў беларускага кіраўніцтва, адказных за фальсыфікацыю выбараў; правядзеньне свабодных, сумленных і празрыстых прэзыдэнцкіх і парлямэнцкіх выбараў у адпаведнасьці з стандартамі АБСЭ і пад кантролем міжнародных і незалежных беларускіх назіральнікаў.
Паводле радыё Свабода