БЕЛАРУСЫ МУСЯЦЬ САЛІДАРНА АБАРАНЯЦЬ БЕЛАРУСЬ

Выступ на сьнежаньскім Сойме Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ

Паважаныя сябры Сойму Партыі БНФ!

Вітаю вас у Бацькаўшчыне, зычу здароўя, вытрываласьці і веры ў нашу перамогу!

Пераменаў на Беларусі можна было б дасягнуць хутка, але ўся бяда ў аслабленасьці нашай нацыянальнай альтэрнатывы. Паколькі нацыянальныя сілы аслабленыя, то на палітычную сцэну пад выглядам апазыцыі якраз і выплыла ўсялякая прарасейская, прамаскоўская дэмакратычная моль. Выглядае, што так, як нашкодзіў беларусам немец Ганс Вік, не нашкодзіў тады нават КГБ.

Павелічэньне і ўзмацненьне нацыянальнай беларускай сілы — важная ўмова пасьпяховай барацьбы. Ніхто іншы акрамя адраджэнцаў рэальна ня стане (і ня ў стане) займацца нацыянальнай палітыкай. Практыка і гісторыя пра гэта сьведчаць на кожным кроку. Тое, што пасьля расколу Фронту ў палітыку ўвайшла карумпаваная псэўдаапазыцыя, — гэта не выпадкова. Сьвятое месца пустым не бывае.

Цяпер настаў чарговы момант ісьціны. І гэты момант пачаўся 23-га лістапада — ў дзень, калі А. Лукашэнка публічна прызнаў, што ён і ягоная ўлада сфальсіфікавалі вясновыя выбары прэзыдэнта на Беларусі.

Калі пасьля гэтага назыўныя “дэмакраты” зноў пойдуць заклікаць на фальшывыя выбары і ня выйдуць з выбарчай кампаніі, не “расплюшчаць свае вочы”, тады такім людзям трэба ўжо пляваць у твар. Гэта адзіны аргумант, на які яны заслугоўваюць. Хаця я перакананы, што са здрадай трэба абыходзіцца больш катэгарычна. Але пачакаем яшчэ пару дзён і паглядзім, якія рашэньні будуць прынятыя.

Прасачыліся зьвесткі, што Масква змушае рэжым Лукашэнкі да калядных сьвятаў аб’явіць рэфэрэндум аб так званым “канстытуцыйным акце” і прышпіліць яго да даты выбараў у мясцовыя саветы. Не ручаюся за гэтыя зьвесткі, але што такія пляны ёсьць, нам вядома даўно. Трэба ўмацаваць нашу падрыхтаванасьць да магчымых падзеяў.

Сёньня на Сойме прапануюцца тры важныя праекты дакумантаў. Судовая позва ў Вярхоўны Суд на Лукашэнку за фальсіфікацыю выбараў павінна быць даведзена і рэалізавана строга па працэдуры. Акрамя таго мусіць быць наша інфармацыя пра сутнасьць справы. Бо бальшыня людзей ня ведае, што Лукашэнка прызнаўся ў фальсіфікацыі.

Істотным таксама будзе нашае рашэньне і прапановы па супрацьдзеяньні рускаму фашызму. Мы бачым, што фашызм паступова становіцца дзяржаўнай палітыкай расейскага гэбізму і ўсяго пуцінскага кіраваньня ў Расеі, якоя пагражае нашай незалежнасьці. Мы бачым, што за апошнія 200 гадоў галоўная і неперапынная атака рускага імпэрыялізму была ськіраваная супраць беларускай мовы. Гэта заўсёды было пытаньнем № 1 у барацьбе нашых непрыяцеляў супраць беларусаў.

Цяперашняе значэньне мовы ў сьвеце стакроць большае для захаваньня культурнай ідэнтычнасьці і (падкрэсьліваю!) незалежнасьці і сувэрэнітэту нацыі. У нашым канфлікце з Расеяй страта мовы абазначае (абавязкова і няўхільна) страту дзяржаўнай незалежнасьці. Расейцы першымі зразумелі гэтую асаблівасьць сітуацыі і пачалі адпаведную прапаганду. Вынішчэньне беларускай мовы — галоўны накірунак расейскага гэбізму. Такім чынам абарона беларускай мовы ёсьць цяпер важнейшае пытаньне палітыкі.

На абарону і сцьвярджэньне беларускай мовы беларускія адраджэнцы павінны зьвярнуць найвялікшую ўвагу. Гэта пытаньне і гонар усіх беларусаў, якое аб’ектыўна вымагае кансалідацыі і адзінства народа перад агрэсіяй і небясьпекай.

Жыве Беларусь!

Старшыня Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ

Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”

10 сьнежня 2006. Зянон ПАЗЬНЯК