СЬНЕЖАНЬСКІ СОЙМ БЕЛАРУСКАГА НАРОДНАГА ФРОНТУ “АДРАДЖЭНЬНЕ” І КАНСЭРВАТЫЎНА-ХРЫСЬЦІЯНСКАЙ ПАРТЫІ — БНФ

10 сьнежня сёлета ў Менску адбыўся чарговы Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ. Сойм заслухаў выступ сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ “Беларусы мусяць салідарна абараняць Беларусь” (публікуецца).

З дакладам аб палітычным і сацыяльна-эканамічным становішчы ў Беларусі і ў сьвеце выступіў сп. Юры Беленькі, выканаўца абавязкаў у Беларусі старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ. Рэжым і прысьцёбнутая да яго прамаскоўская псэўдаапазыцыя спрабуюць зноў прымусіць беларусаў удзельнічаць у дыктатарскіх псэўдавыбарах. Мэтай гэтай “перадвыбарчай кампаніі” зьяўляецца стварэньне ілюзіі, што народ можа “сказаць сваё НЕ дыктатуры” і “зрабіць перамены ў краіне”. Мы бачылі ўсё гэта і ня раз. Напярэдадні псэўдавыбараў рэжым зьбіраецца абвясьціць антыбеларускі рэфэрэндум. Менавіта на гэты антыканстытуцыйны рэфэрэндум аб “узьяднаньні з Расеяй” і заганяе беларускіх людзей грантаўская падстаўная “апазыцыя”. Наша задача ў тым, каб данесьці да людзей праўду аб падступных плянах ворагаў Беларусі. У Расеі крышталізуецца клясічны фашызм, які ўжо захапіў уладу ў няшчаснай імпэрыі і зьнішчае сам расейскі народ. Увесь сьвет уражаны злачынствамі лубянскіх фашыстаў на тэрыторыі іншых дзяржаваў. Забойства Лубянкай А. Літвіненкі ў Лёндане — адзін з прыкладаў міжнароднага крамлёўскага тэрарызму. І вось гэты рэжым, які не шкадуе нават сваіх людзей, мае намер прысьці ў нашу краіну, каб валадарыць Беларусяй. Беларускі народ павінен байкатаваць выбарчы спэктакль і праваліць акупацыйны рэфэрэндум. Гэта ёсьць галоўная справа цяперашняга этапу абароны нашай Бацькаўшчыны. Закон і Праўда на нашым баку, а не на баку расейскіх агрэсараў і іхных мясцовых паслугачоў.

Выступілі таксама сябры Сойму з розных рэгіёнаў краіны. Яны распавялі пра мітусьлівую дзейнасьць мясцовых псэўдаапазыцыянэраў, якія актыўна падключыліся разам з антыбеларускім рэжымам да арганізацыі выбарчай фальшыўкі. Усімі спосабамі гэтыя падстаўныя спрабуюць падмануць беларусаў, якія ўжо некалькі разоў былі паверылі іхнай хлусьні. Адбыліся таксама ваяжы па беларускіх гарадах вядомага “дэмакрата” А. Ярашука (які начальствуе цяпер у Кангрэсе дэмакратычных прафсаюзаў). Гэты “дзеяч” выступае перад працоўнымі з прапановай стварыць нефармальныя (практычна — падпольныя) прафсаюзныя структуры. Ведаючы бальшавіцкую, а потым прарэжымную кар’еру Ярашука, зразумела, што такім чынам рэжым спрабуе высьветліць палітычна актыўных беларусаў. Потым рэжым нанясе ўдар па створаных “дэмакратам” нефармальных структурах і па актыўных беларусах, маючы нават законныя падставы для гэтага пагрому. Нельга верыць падстаўным з такой рэпутацыяй. Яднацца ў абароне Беларусі павінны сумленныя беларусы па ўсёй краіне.

Сойм абмеркаваў і прыняў заявы “Аб няўдзеле ў антыдэмакратычных выбарах і аб актыўным байкоце галасаваньня” і “Аб супрацьдзеяньні разбуральнай дзейнасьці на Беларусі рускага дзяржаўнага фашызму” (публікуюцца).

Інфармацыйная камісія Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ

10 сьнежня 2006 г.