УВАГА: ГЭТА ФАШЫЗМ
“Стукачи, оденьте ордена!..” Прапануем напісаць і агучыць актуальны ў наш час “Гімн стукача”. Апалёгія стукацтва ня ёсьць набыткам беларускай культуры (у нашага народа гэтая “дзейнасьць” заўсёды лічылася ганебнай). Стукачызм як складовая частка гэбізму ёсьць падарункам усходняй дэспатыі (“обогашченіе велікой русской культурой”).
Тое, што адбываецца ў нашым жыцьці ў апошні час, ня мае прэцэдэнту нават у пэрыяд брэжнеўскага маразма. Тады стукачоў мабалізавалі і ўзнагароджвалі, але ўсё адбывалася пад покрывам сакрэтнасьці і таямніцы. Дакумэнты, распаўсюджаныя апошнім часам ва ўстановах Беларусі, сьведчаць пра спробу арганізацыі агульнадзяржаўнага трыюмфу чалавечага здрадніцтва.
Людзі прадставілі нам сярод іншага загады галоўных лекараў некалькіх сталічных шпіталёў. З пячаткай і подпісам начальства па пунктах загадана “ежедневно до 14:00 сообщать администрации больницы о настроениях коллектива, о наличии недовольства ценами, властями и правительством, о наличии протестных настроений, о деятельности, которая подрывает и угрожает государственному строю...” Ну, як вам гэта? А некаторыя думалі, што шклоўскія камплімэнты ў адрас Гітлера і музэйна-прапагандысцкія забавы на “лініі Сталіна” гэта несур'ёзна і іх не закрануць. Цяпер фашыстоўска-бальшавіцкі маразм закране ўсіх.
Афіцыйна і публічна аднаўляецца чалавеканенавісьніцкая дэмаралізатарская сістэма ўсеагульнага стукацтва і здрады. Адзін беларус павінен даносіць на другога беларуса, а другі ў сваю чаргу на першага. Прамаскоўскі рэжым арганізоўвае легальнае самазьнішчэньне беларускага народу, аддаючы акупанцкі загад на акупанцкім “языке”. Людзі старэйшага ўзросту добра ведаюць, што на гэтым этапе акупанты ня спыняцца. Дык вось і трэба распавесьці маладзейшым, што за даносамі акупанты заўсёды арганізоўваюць рэпрэсіі, арышты, забойствы, хапуны і Сібір. Але распавядаць трэба не дзеля таго, каб маладыя напалохаліся. Афіцыёз стукацтва сьведчыць якраз пра панічны страх прамаскоўскага рэжыму, які баіцца грамадзтва, баіцца беларускіх людзей. Замест страху ў душах беларусаў павінна абудзіцца народная Салідарнасьць. Трэба нам супрацьпаставіцца гэтай цемрашальскай навале і ўрэшце ачысьціць нашу зямлю ад чужынскай пошасьці.
Янка Базыль