КАМУНІСТЫЧНАЯ І АКУПАЦЫЙНАЯ СЫМВОЛІКА ЗАБАРОНЕНАЯ
1 сьнежня парлямант Эстоніі прыняў закон аб забароне таталітарысцкай, антыэстонскай сымволікі. Цяпер ў Эстоніі забаронена публічна выкарыстоўваць камуністычную і савецкую сымволіку (сярод іншага і сьцягі-гэрбы колішніх саюзных рэспублік). Усе неяк змаўчалі, нават шклоўскія дзеячы ня сталі бараніць “флаг БССР”. Але ўсхадзілася Масква, баяры загарланілі ў Дзярждуме, пачалася падрыхтоўка да палітычных і эканамічных санкцыяў супраць Эстоніі. Журналісты натоўпам кінуліся былі да прэзыдэнта невялічкай паўночнай краіны, пачалі распытваць яго, што ён думае пра пагрозы ўсходняга гіганта. Прэзыдэнт Томас Хэндрык Ільвэс спакойна адказаў ім: “Чаму вы ўсё распытваеце мяне пра Расею? Расейскія праблемы мяне не цікавяць. Я — эўрапеец і турбуюся наконт эўрапейскіх справаў. Эўропа як ідэя для эстонцаў ёсьць сьвятым Граалем з часоў першай расейскай акупацыі Эстоніі ў 1940 г. Мы марылі вярнуцца ў Эўропу, калі былі адрэзаны ад яе савецкай акупацыяй. Журналісты ўсё пытаюцца нас, што мы думаем пра Расею. Але Расеі няма ў сьпісе нашых прыярытэтаў”. Крамлёўская шаўка рвецца з ланцуга, заліваецца брэхам. А працавіты, культурны народ не зважае на яе, за сваім плотам народ спакойна замаецца гаспадаркай, прымае культурных гасьцей.
Валеры Буйвал