“МУСТАФА АХМЕДОВИЧ СКАЗАЛ ВСЕХ БИТЬ...”
29 лістапада ў цэнтры Масквы пачалася чарговая аблава. Перад дырэкцыяй рынку “Лужнікі” спыніліся “чорныя варанкі” і адтуль пасыпаліся “крутые ребята” з Фэдэральнай міграцыйнай службы РФ. Яны імпэтна паспрабавалі ўвайсьці на тэрыторыю аб'екта, каб зачысьціць нярускіх. Але дарогу ім загарадзілі яшчэ больш “крутые” — дзецюкі з легальнай ахоўнай фірмы “Гарант”, нанятай дырэкцыяй рынку. Даўно так не забаўляліся гледачы расейскага тэлебачаньня, назіраючы за рэпартажам з месца падзеяў. Прыватныя гладыятары ў чорным хватка кулялі царскіх гладыятараў у чырвоным, круцілі ім рукі і шпурлялі ад парога.
Аказваецца, аднак, што самае цікавае адбылося за кадрам (такое расейскае тэлебачаньне здымаць не пасьмела). Дзецюкам з “Гаранта” пад гарачую руку патрапілі начальнік Фэдэральнай міграцыйнай службы РФ генэрал-маёр тов Тюркін і маскоўскі гарадзкі начальнік гэтай службы тов. Макаров (яны камандвалі зачысткай). Пакаціліся па асфальце папахі з залатымі кукардамі, начальнікі пабеглі прэч разам з падначаленымі... Калі потым журналісты спыталіся ў абаронцаў рынку, чаму тыя пабілі генэрала з палкоўнікам, тыя адказалі: “А нам директор Мустафа Ахмедович сказал всех бить...”
Што ж, у Расеі хлеба хапае не на ўсіх, затое зь відовішчамі дэфэцыту няма і ня будзе. Неабсяжная імпэрыя паводле закону прыроды на вачах распадаецца на ўдзельныя шматкі і кавалкі: на незалежныя базары і вакзалы, рублёўкі і тусоўкі, дзе пануюць свае законы, маюцца свае арміі, свае рабы і даглядчыкі над рабамі. Імпэрыя па самыя вушы патанае ў хаосе, але ўсяроўна пнецца захопліваць чужыя тэрыторыі, творыць зло на ўсім сьвеце.
Янка Базыль