ГЭБЭ Ў РАСЕІ ЎЧАПІЛАСЯ Ў ГОРЛА МОЛАДЗІ

Вядома, што стогадовыя традыцыі не паддаюцца лёгкаму зьнішчэньню па прыхамаці рэжымаў. Імпэратарскія ўнівэрсітэты ў Пецярбурзе і Маскве заўсёды былі цэнтрамі вальнадумства і творчай ініцыятывы. Шэраг дзеячаў беларускай культуры, нацыянальнага адраджэньня і нацыянальнай барацьбы вучыліся ў гэтых цэнтрах (згадаем Кастуся Каліноўскага, Купалу). Нават НКВД 30-х гадоў не даў рады растаптаць дашчэнту сапраўднае жыцьцё і высокую думку ў гэтых унівэрсітэтах. І ў наш час там сустракаюцца і сьпеюць маладыя людзі з розных краінаў. Многія беларусы прызнаюцца, што менавіта на чужыне, у імпэрскіх унівэрсітэтах навучыліся любіць родную мову, Беларусь, нашу культуру. Бо вырваліся з-пад бээсэсэраўскай русіфікацыі, убачылі ўсе кантрасты Расеі, убачылі, як іншыя равесьнікі шануюць свае мовы і культуры, пачалі браць зь іх прыклад.

Пуцінская кантора ня можа ўжо далей талераваць гэтыя сьветлыя працэсы. 25 лістапада кантора нанесла сур'ёзны ўдар па Маскоўскаму ўнівэрсітэту. У знакамітым хмарачосе МГУ на Вараб'ёвых гарах адбыўся выбух, потым яшчэ адзін. Чэкісты знайшлі яшчэ некалькі самаробных бомбаў (“самаробных”, бо самы іх і зрабілі). Адзін чалавек паранены. Афіцыйная прапаганда крыху пашумела наконт таго, што “студэнты хімфака нешта нахімічылі” і інфармацыю здалі ў архіў. А ў выніку ўнівэрсітэцкія аб'екты бяруцца цяпер “пад ахову” спэцпадраздзяленьняў. Жорсткі кантроль, прапускны рэжым. Пачалі нават рабіць штогадзінныя рэйды па ўсіх паверхах інтэрнатаў і вучэбных будынкаў. Можна сабе ўявіць, якая мабілізацыя праведзена ў шэрагах стукачоў і агентуры, якія цэнзура і дагляд будуць усталяваны цяпер у “цэнтры вальнадумства”. Гэбэ “торжествует”, учапіўшыся ў горла моладзі.

Валеры Буйвал