НАЙМІТЫ ГУСІНАГА ПЯРА

1 сьнежня 2006 г. Гішпанская газэта “АВС” публікуе разважаньні мадрыдскіх адвакатаў пра амэрыканскую турму для тэрарыстаў у Гуантанама. Паводле юрыстаў, там ёсьць і катаваньні, і незаконнае ўтрыманьне палонных і г.д.

Наш камэнтар: Заўважана, што ў СМІ па ўсім сьвеце актыўна мусіруецца тэма Гуантанама, так званых “тайных турмаў” і “тайных перавозак” тэрарыстаў праз эўрапейскія аэрапорты і г.д. Задзейнічаны магутныя інфармацыйныя і палітычныя рэсурсы дзеля таго, каб пераканаць грамадзкасьць у дэмакратычных і іншых краінах, што ЗША “вядуць незаконную вайну”, “парушаюць законы”, “перасьледуюць невінаватых”, што “пара канчаць гэтае паляваньне на чараўніцаў” і г.д. Зазвычай той, хто піша ўсё гэта, не рызыкуе галавой у змаганьні супраць тэрарыстаў у Аўганістане і Іраку. Пісака жыве ў прэстыжовых кварталах спакойных гарадоў, карыстаецца перавагамі дэмакратыі, i вельмі часта атрымлівае ганарары непасрэдна з Масквы (хабар пад розным соўсам).

Расея мабілізавала шматлікую армію русістаў, саветолягаў, розных сваіх стыпэндыятаў і аматараў, якія з гатоўнасьцю выканаюць любую замову на любую дыскрэдытацыю. Па першаму ж сьвістку з Крамля. Ад іх не дачакаешся хвалі абурэньня злачынствамі расейскіх эсэсэсаўцаў на Каўказе, яны не напішуць пратэст пра расейскі канцлягер Чарнакозава ў Чачэніі. Яны называюць чачэнскіх патрыётаў “тэрарыстамі” і з гатоўнасьцю перадрукуюць любую маскоўскую фальшыўку пра вайну на Каўказе.

Мы часта сустракаем гэтую хваткую публіку ў Беларусі, яна і адсюль паведаміць сваім чытачам, што “белоруссы забылі свой язык”, што “Мілінкевіч — лідер оппозіціі” і “усе гатовы ісьці на выбары”. Інфармацыйная вайна ідзе па ўсім сьвеце. Магутнейшай зброяй супраць гэтых наймітаў ад гусінага пяра ёсьць Праўда, якую трэба казаць заўсёды і паўсюль. Тады рассыпецца і зьнікне цемра фальсіфікатараў, марнай будзе крамлёўская блытаніна.

Валеры Буйвал