НЕМЦЫ “БЯНТЭЖАЦЦА”

1 сьнежня 2006 г. Польская газэта “Rzeczpospolita” піша пра пахаваньне ў Бэрліне Маркуса Вольфа, знакамітага начальніка ўсходненямецкай спэцслужбы Штазі. На могілках сабраліся 300 сяброў і тысяча розных цікаўных. Над труной выступіў з прамовай тов. В. Котенев, амбасадар Расеі ў ФРГ. Цытата зь ягонага выступу: “Нямеччына згубіла аднаго са сваіх найлепшых сыноў, а Расея — аднаго са сваіх найлепшых нямецкіх сяброў”.

Нямецкая прэса адгукнулася вострымі камэнтарамі на гэты “плач Яраслаўны” над труной “Мішы” Вольфа. Дзяржаўны сакратар з міністэрства абароны ФРГ Вілі Вімэр зьвярнуўся ў Бундэстаг з лістом-пратэстам, дзе напісаў сярод іншага: “На чыім баку стаіць дзяржава, якую прадстаўляе амбасадар Котенев?” Дзяржсакратар патрабуе разгляду скандальнай справы ў Бундэстагу. Тов. Котенев сапраўды асабіста сябраваў з Вольфам. Вольф нават наведаў амбасаду РФ у Бэрліне 9 лістапада, за дзень да сваёй сьмерці.

Наш камэнтар: Такія вось “дружбакі”. Лубянская кантора ўжо не саромеецца сваіх былых паплечнікаў з гестапа ГДР. У адкрытую, нахабна пнецца славіць іх нават на тэрыторыі цяперашняй Нямеччыны, якая абвясьціла ачышчэньне ад таталітарнай спадчыны савецкага камунізму.

Толькі чаму так зьдзіўляюцца і бянтэжацца немцы гэтаму нахабству? Можа гэта не яны — лідэры ФРГ — цалуюцца з лубянцам Пуціным? Можа не яны арганізоўваюць для гэтага гэбоўца экскурсіі па ягоных былых агентурных месцах у Дрэздэне? Не яны падпісалі з лубянскім рэжымам Масквы антынародныя пагадненьні ў Томску? Не іхным службістам быў незабыўны Ганс Вік? Той самы Вік, які на працягу гадоў сваёй працы ў Менску у якасьці кіраўніка місіі АБСЭ займаўся (цытуем прызнаньні Віка, надрукаваныя ў беларускіх газэтах) “далучэньнем Беларусі да Расеі” і “дзейнічаў з санкцыі КГБ РБ”. Заблыталіся немцы, немцы бянтэжацца. У каторы ўжо раз на працягу гісторыі. Бо зноў Расея, зь якой яны ўсё так грунтоўна па-нямецку падпісалі-распісалі, кпіць зь іх і вырабляе ўсё на свой капыл.

Валеры Буйвал