ФАШЫЗМ: АБЛІЧЧА КРАМЛЁЎСКАГА ГНОМА

25 лістапада 2006 г. Французкая газэта “Le Figaro” цытуе перадсьмяротны зварот А. Літвіненкі да Пуціна, зачытаны ў Лёндане: “Вы паказалі, што ня маеце паравагі да жыцьця, свабоды і каштоўнасьцяў цывілізацыі...” Гэты ліст цытуюць усе СМІ сьвету. Працытавалі яго і Пуціну на саміце ў Гэльсінках. А ён разам зь ягонымі паплечнікамі (Ястржэмбскім ды іншымі) заявіў у адказ, што гэта “усё спэкуляцыя і правакацыя...”

Наш камэнтар: Перастараліся лубянцы. Імкнучыся напалохаць усіх перад самітам у Гэльсінках, крамлёўскія кілеры забілі Літвіненку, арганізавалі масавыя забойствы ў Іраку, нацкавалі міжнародную лібэральную публіку на Буша і яго палітыку, арганізавалі забойства папулярнага міністра ў Ліване, ушчалі байкот польскім пастаўкам харчаваньня ў Расею... І правалілі апэрацыю. Нават сьляпым і падкупленым у Эўразьвязе гэтага аказалася зашмат. Даўно ўжо журналісты так не смажылі на патэльні крамлёўскага гнома. Ён выкручваўся і агрызаўся, выглядаў мізэрна...

25 лістапада нарвэжская газэта “Aftenposten” паведаміла з Гэльсінак. На Пуціна там абрынулася хваля адзінадушных канстатацыяў і абвінавачваньняў з боку заходніх палітыкаў і журналістаў у палітычных забойствах, эканамічнай вайне супраць іншых дзяржаваў, у нецывілізаваных дзяржаўных паводзінах. Але, як пішуць нарвэжскія журналісты, “Пуцін паказаў, што лепшы спосаб абароны — наступ...” Крамлёвец прыпомніў заходнікам мафію і карупцыю, каляніялізм і яшчэ шмат чаго.

Наш камэнтар: Ён мог нападаць на іх колькі заўгодна. Але самае галоўнае, што саміт скончыўся для Масквы правалам, энэргетычная хартыя Эўразьвяз — Расея не была падпісана. Трэба аддаць належнае польскаму кіраўніцтву, якое не саступіла са сваёй пазіцыі і вымусіла Эўразьвяз ня ўпасьці на калені перад крамлёўцамі. Нават ня хочучы, Захад апынаецца ў стане канфрантацыі з нахабным расейскім гэбізмам. Як жа абсурдна гучаць на гэтым фоне заклікі АБСЭ да “чэсных і празрыстых выбарах у Беларусі”, дзе разгортваецца расейска-фашыстоўская агрэсія.

Юрка Марозаў