ШТОДЗЕНЬ РУСКАГА ФАШЫЗМУ

17 лістапада ў парляманце Арменіі адбыліся дэбаты на тэму забойстваў армянаў у Расеі. Дэпутаты выказваюць пратэст супраць расейскага фашызму. 11 лістапада ў мястэчку Івацэеўка пад Масквой група “русскіх ребят” напала на 15 гадовага Нарэка Качарана. Яго білі нажамі (20 нажавых ранаў), потым яшчэ жывога задушылі. 17 лістапада (гэтая падзея ўсхвалявала армянскі парлямант) у Мурманску быў застрэлены Артур Аруцюнян, кіраўнік мурманскага аддзяленьня Хаўрусу армянаў Расеі. Дэпутаты прыгадалі таксама яшчэ адно забойства ў Маскве. 22 красавіка сёлета на станцыі мэтро “Пушкінская” група “ребят” наляцела на 17-гадовага студэнта Візгэна Абрамянца. Зьверскім забойствам кіраваў “простой парень” Нікіта Сіньков. У красавіку гэта неяк не прагучала. А вось цяпер стала вядома, што гэты Нікіта (у фашыстоўскіх колах вядомы пад мянушкай “Зьмей”) — курсант маскоўскага каледжа міліцыі, а заадно сынок высокапастаўленага чына з МУС РФ.

***

У Маскве гінуць беларусы. 17 лістапада расейскія тэлеканалы паказалі катастрофу на тэрыторыі заводу АЗЛК. Там вяліся будаўнічыя працы. Раптам абрынуліся бэтонныя канструкцыі. Трое чалавек былі цяжка паранены, дваіх выцягнулі мёртвымі. Начальнікі завода і будфірмы пачалі разводзіць рукамі і казаць, што “у кішэнях ахвяраў няма ніякіх дакумэнтаў, таму невядома, хто яны...” Потым высьветлілася, што будфірма ня мела афіцыйнай ліцэнзіі на будаўнічыя працы. Карціна зразумелая. Падпольшчыкі маскоўскага будбізнэсу мабілізавалі на працу беларускіх рабоў (“гастарбайтэраў”) і забясьпечылі ім сьмерць ды калецтва. Нават імёнамі гэтых людзей не пацікавіліся. Маскоўскі кашмар працягваецца.

Янка Базыль