БРАТАНЬНЕ КАМБІНАТАРАЎ

22 лістапада 2006 г. Партугальская газэта “Jornal de Noticias” паведамляе з Італіі. Там у каторы раз аддаюць пад суд Сільвіа Бэрлусконі, нядаўняга прэм'ера Італіі. Непасрэдна ў зале суда ён шумна запэўніваў журналістаў, што “нікому ня ўдасца выдаліць мяне з палітыкі, не дачакаюцца!..” Гэтым разам яго і яшчэ 10 ягоных паплечнікаў абвінавачваюць у незаконных фінансавых трансакцыях і падаткавым круцельстве. Банда незаконна перавяла за мяжу 208 мільёнаў эўра, а падаткаў не заплаціла дзяржаве на 170 мільёнаў эўра.

Наш камэнтар: Цяпер пры ўладзе ў Італіі левыя. Бэрлусконі называўся “правым”. Але падобна, што ад перамены месцаў складнікаў сума не мяняецца. Мы добра памятаем, як Бэрлуска (так яго называюць стомленыя палітычным балаганам італьянцы) неаднаразова цалаваўся з “другом Владіміром”, езьдзіў зь ім на тройках з “бубенцамі”, піў гарэлку і хадзіў у лазьню. Тое ж самае Пуцін тварыў з “лучшім другом” Шродэрам. Запэўніваў іх у энэргетычнай бясьпецы, паказваў свайго коніка-поні, сьмяяўся і прымаў камплімэнты ў адрас “дэмакратычнай Расеі”.

Вакол крамлёўскага начальніка склалася кампанія “закадычных друзей” з заходніх краінаў. Яны ўжо нічога не баяцца на радзіме: ні суда, ні сьледства, ні дэмакратыі, ні публічнай думкі. Іх ловяць за руку на жульніцкіх і злачынных учынках каля ўрны для галасаваньня, іх хапае пад мікіткі падатковая служба... А ім хоць бы што, яны энэргічна жэстыкулююць і крычаць: “Врош, не вазьмёш!” Яны ўсё больш становяцца падобнымі на свайго крамлёўска-лубянскага “аўтарытэта”. І цікава, што заходняя дэмакратыя ня можа даць рады зь іхнімі паводзінамі. Яна ня мае мэханізмаў на такія выбрыкі, што паступова ператвараюцца ў бонтон заходняй палітыкі. Абдымкі і цалаваньне з крамлёўцамі выклікалі распаўсюджваньне маскоўска-дэспатычнай пошасьці па ўсёй Эўропе.

Юрка Марозаў