РУМЫНСКАЯ ЭЎРОПА

15 лістапада 2006 г. Румынская газэта “Adevarul” піша пра цыганскі бунт у Бухарэсьце. У сталічным цыганскім квартале Фэрэнтар на некалькі гадзінаў адключылася электрычнасьць. Цыганы выйшлі на вуліцы і пачалі актыўны пагром муніцыпальнай маёмасьці. Давялося выклікаць узмоцненыя атрады паліцыі і пажарную каманду, якая палівала бунтаўшчыкоў з брансбойтаў.

Наш камэнтар: Вельмі цікава было пачытаць у электронным выданьні гэтай газэты камэнтары чытачоў на гэты артыкул. Толькі адзін румын запрапанаваў арганізаваць паліцэйскія аддзелы з цыганоў. Астатнія выказвалі пажаданьні ўтварэньня цыганскіх гета, “гнаць іх трэба” і г.д. І вось у бліжэйшы час брусэльская Эўропа, стомленая ад легіёнаў румынскіх гастралёраў з фінкамі ў кішэнях, зьбіраецца далучаць да сябе саму краіну Румынію, дзе ўлады ня могуць даць рады з цыганскім тэмпэрамэнтам, а насельніцтва патрабуе ўтварэньня гета. Эліта Эўразьвязу ў апошнія гады празьвінела ўсім вушы з “эўрапейскай Турцыяй, якую трэба прыхіляць да Эўропы”. І вось раптам эліта напалохалася і пачала сутаргава адмаўляцца ад праекту турэцкага далучэньня. Бэніты, барозы і саляны напалохаліся адказнасьці за паглыбленьне заходнеэўрапейскага хаосу (даволі глыбокага ўжо цяпер).

У чым яны нязьменна паслядоўныя і “тверды, как скала”, дык у сумеснай з Масквой штучнай ізаляцыі Украіны і Беларусі (мы для іх — “недастаткова эўрапейскія”). Мы ня раз ужо пісалі на старонцы pbpf. оrg пра зьневажальныя працэдуры ў заходніх кансулятах, праз якія праходзяць беларускія турысты, навукоўцы, мастакі, талковыя работнікі, каб атрымаць візу на Захад (большасьць атрымлівае адмову). А ўсіх астатніх — “сардэчна запрашаем у Эўропу”. Заганная і тупіковая палітыка пад газавым ценем Крамля.

Валеры Буйвал