З ГАЗУ РОБЯЦЬ ПАЛІТЫЧНУЮ ЗБРОЮ

16 лістапада 2006 г. Славацкая газэта “Novy Cas” спасылаецца на агенцыю “Reuters” і паведамляе: “Дарадцы НАТО папярэджваюць, што Расея спрабуе ўтварыць картэль краінаў ад Алжыру да Цэнтральнай Азіі з мэтай выкарыстоўваць газ як палітычную зброю ў адносінах з Эўропай”. Спэцыялісты называюць гэты маскоўскі праект “газавым АПЭК” па аналёгіі з міжнароднай арганізацыяй па здабычы і продажу нафты. Зьвесткі сабраныя з выказваньняў міністра замежных справаў РФ С. Лаўрова і іншых прадстаўнікоў Расеі.

Наш камэнтар: Мяркуем, што пасьля такой “уцечкі інфармацыі” ў блізкім часе трэба чакаць адстаўкі міністра Лаўрова, а можа і якіх яшчэ падзеяў у “златоглавой”. Міністра не вытурваюць з Крамля адразу, каб зрабіць выгляд, што нічога ня здарылася і ніхто не праваліў апэрацыю. Дзякуй Богу, нават у Брусэлі спрацоўвае адно ўнівэрсальнае правіла. Эўрапейскія эліты могуць заблытацца ў карупцыі і ў шызоідных праектах, могуць атрымліваць падпольныя ганарары з лубянскай касы. Але любыя супэрструктуры заўсёды абслугоўваюцца спэцыялістамі розных галінаў, шэраг зь якіх здольны зьбіраць і ацэньваць інфармацыю, вызначаць тэндэнцыі і папярэджваць аб небясьпецы. Вось і гэтым разам цьвярозыя людзі ўбачылі, як Масква скалочвае кампанію разам з Алжырам, Лівіяй, Катарам, Іранам і сваімі былымі калёніямі (ух, якія дэмакратыі!), каб маніпуляваць Эўропай (а можа і горш). Эўрапейскія чэмбэрлены у гэты час думаюць, што вязуць у Расею “дэмакратыю.”

Юрка Марозаў