ЧАМУ МІТУСІЎСЯ ШРОДЭР

16 лістапада 2006 г. Аўстрыйская газэта “Kurier” перадрукоўвае інфармацыю, якую выдаў на міжнародны інфармацыйны рынак нямецкі часопіс “Stern”. У верасьні 2005 г. напярэдані выбараў у Бундэстаг (у выніку якіх вызначаецца таксама й канцлер Нямеччыны) тадышні канцлер Шродэр разьвіў бурную і падпольную дзейнасьць. Ён паехаў у Мюнхен і сустрэўся з Эдмундам Штойбэрам прэм'ер-міністрам фэдэральнай зямлі Баварыі (буйнейшай і вельмі ўплывовай у ФРГ). Штойбэр зьяўляецца адначасна і старшынём баварскага Хрысьціянска-дэмакратычнага саюза. Партыйнаму хаўрусьніку сваёй суперніцы Ангелы Мэркель Шродэр прапанаваў выбарчы манэўр. Штойбэр павінен быў абвесьціць сябе “першым чалавекам у партыі”, уступіць са сваім саюзам у кааліцыю з сацыялістам Шродэрам і забясьпечыць таму канцлерскую ўладу на далейшы тэрмін. Штойбэр адмовіўся здраджваць калегу. Але пасьля выбараў Шродэр зноў падсылаў да яго свайго агента, які прапанаваў яму разам не прызнаць перамогу Мэркель і патрабаваць пакінуць Шродэра на пасадзе. Газэта называе дзеяньні Шродэра адназначна — “путч”. Зразумела, што цяпер Шродэр усё гэта адмаўляе.

Наш камэнтар: Цяпер канчаткова зразумела, чаму так мітусіўся Шродэр да і пасьля выбараў. Ён езьдзіў ня толькі ў Мюнхен. Успомнім, што пасьля выбарчага правалу ён адразу паляцеў у Маскву сустракацца з Пуціным. Вярнуўшыся адтуль, Шродэр ня быў ужо падобны на правальшчыка. Ён набыў імпэту і заявіў, што не сыдзе з пасады. Цяпер зразумела, хто даў каманду на путч у Нямеччыне. Вяртаюцца ў Нямеччыну змрочныя часы, калі там быў нават “піўны путч”. Тады ў стомленай краіне камандваў адзін яфрэйтар-аўстрыяк са сваёй партыяй і баевікамі. Цяпер марыянэткай на нямецкай сцэне крутануў (і працягвае круціць дагэтуль) адзін маскоўскі палкоўнік са сваёй канторай. У верасьні 2005 г. нямецкая дэмакратыя пакуль што вытрымала экзамен на трываласьць (невядома, што будзе раней). І дарэчы, што стала рабіць гэтая нямецкая дэмакратыя? Прадоўжыла палітыку васалітэту ў адносінах да Масквы і, больш таго, падпісала сумнавядомы Томскі пакт Мэркель-Пуцін. Не забыліся й пра Шродэра, які зрабіўся начальнікам сумеснага газаправоду. Толькі наўрад-ці ён зробіць цяпер бліскучую кар'еру пасьля раскрыцьця ягоных антыканстытуцыных дзеяньняў паводле загаду чужой краіны.

Юрка Марозаў