БЕЛ-ЧЫРВОНА-БЕЛЫ СЬЦЯГ НА ПОЛІ СЛАВЫ Ў ФРАНЦЫІ

Сябра Сойму Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ Яўген Шатохін — таленавіты мастак-графік. Ягоныя творы ведаюць ня толькі ў родным Пінску і па ўсёй Беларусі. У змрочны час ізаляцыі Беларусі ад цывілізаванага сьвету спадар Яўген выконвае важную місію, якую прынята называць народнай дыпляматыяй. У апошнія гады ў шэрагу гарадоў Францыі адбыліся выставы ягоных малюнкаў. Мастак пазнаёміў французаў з прыгажосьцю беларускіх краявідаў, а працуючы ў Францыі, стварыў вобразы гатычнай архітэктуры і далёкай зямлі. Але фронтавец — паўсюль фронтавец. Беларускі патрыёт шукае ў любой краіне знакі прысутнасьці беларускіх людзей, нашай культуры і гісторыі (а іх нямала ў сьвеце).

Спадар Яўген даведаўся, што беларуская і ўкраінская дыяспары ў Францыі даўно ўжо ўдзельнічаюць у мэмарыяльных мерапрыемствах на месцах знакамітай бітвы на рацэ Марне. На пачатку Першай сусьветнай вайны ў верасьні 1914 г. немцы прарваліся праз тэрыторыю нэйтральнай Бэльгіі і нанесьлі магутныя ўдары па хаўрусных антыгерманскіх войсках у Францыі. Агрэсары імкліва прасоўваліся наперад, нямецкія жаўнеры сьмяяліся і крычалі “Nach Paris — Hurra!”, кайзэраўскае начальства ўжо распрацоўвала сцэнар парада ў захопленым Парыжы. На некаторых участках французкае камандваньне ня мела ніякіх сілаў, каб закрыць фронт. Парыж выратавалі тады гарадзкія таксісты, якія тэрмінова даставілі на фронт на сваіх аўтамабілях шэсьць тысячаў вайскоўцаў. Гераічныя абаронцы сарвалі германскія пляны бліц-крыгу.

Штогод у верасьні на Марне зьбіраюцца тысячы людзей з Францыі, Вялікай Брытаніі, Бэльгіі. Прадстаўнікі ўладаў, арміяў, вэтэранскіх і патрыятычных арганізацыяў аддаюць даніну памяці героям Марны. Адбываюцца ўрачыстыя дэфіляды пад нацыянальнымі сьцягамі, малебны ў касьцёлах, мэмарыяльныя цырымоніі на вайсковых могілках. Украінцы і беларусы ведаюць, што на гэтых могілках шмат жаўнерскіх магілаў з тыповымі ўкраінскімі і беларускімі імёнамі і прозьвішчамі. Нашы продкі ўдзельнічалі ў той лютай бітве за Францыю і Эўропу. Беларускім гісторыкам пасьля вызваленьня радзімы ад русіфікатарскай навалачы будзе шмат працы па высьвятленьні ўсіх імёнаў нашых герояў, а таксама ў якіх арміях і частках яны служылі, як патрапілі на Захад і г.д. Цяперашняя амбасада РБ (у адрозьненьні ад амбасады Украіны) не цікавіцца беларускімі магіламі на Марне. Гэта зразумела, ня трэба чакаць ласкі ад зьнішчальнікаў усяго беларускага.

А патрыёты і не чакаюць. У сёлетнім верасьні начале мэмарыяльнага шэсьця ішоў беларус Яўген Шатохін. Высока і горда лунаў над полем славы наш Бел-Чырвона-Белы Сьцяг. Бацькаўшчына памятае сваіх герояў.

Валеры Буйвал