ЛІСТАПАДАЎСКІ СОЙМ БЕЛАРУСКАГА НАРОДНАГА ФРОНТУ “АДРАДЖЭНЬНЕ” І КАНСЭРВАТЫЎНА-ХРЫСЬЦІЯНСКАЙ ПАРТЫІ — БНФ

12 лістапада сёлета ў Менску адбыўся чарговы Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ. Сойм заслухаў выступ сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ “Бачаньне небясьпекі — перадумова барацьбы” (публікуецца).

З дакладамі аб палітычным і сацыяльна-эканамічным становішчы ў Беларусі і ў сьвеце выступілі сп. Юры Беленькі, выканаўца абавязкаў у Беларусі старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ, і сп. Сяргей Папкоў, намесьнік старшыні Фронту і Партыі. Выступілі таксама сябры Сойму з розных рэгіёнаў краіны. Яны паведамілі аб хвалі шалёнай русіфікацыі ва ўсіх сфэрах публічнага жыцьця, інфармацыйнай прасторы і школьніцтве. Прамаскоўскі рэжым прызначыў на кіруючыя пасады шмат чужынцаў-расейцаў, якія не хаваюць сваёй нянавісьці да беларускай мовы і ў адкрытую вітаюць ліквідацыю Беларускай дзяржавы ў рамках расейскай імпэрыі (шляхам “інтэграцыі”).

Але рэжым імкнецца запалохаць людзей і прымусіць самых беларусаў быць паслухмяным інструмэнтам русіфікацыі і зьнішчэньня ўсяго беларускага. Пры найменшым супраціве беларускіх людзей выкідваюць з працы і пазбаўляюць сродкаў на існаваньне іхныя семьі. Яшчэ большая колькасьць беларусаў з розных раёнаў краіны вымушана была ад’ехаць на рабскую працу ў Расею. Назад вяртаюцца абрабаваныя людзі і трупы ў трунах (у г. Ляхавічах нядаўна пахавалі трох маладых беларусаў-будаўнікоў, якія згарэлі ў бытоўцы ў Маскве). У той самы час псэўдаапазыцыя актывізуе свае прапагандысцкія ваяжы і выступы па рэгіёнах з заклікам “ісьці на мясцовыя выбары, каб расплюшчыць вочы”. Гэтым разам псэўдаапазыцыянэры дэманструюць замяшальніцтва ў сваіх шэрагах. Так, вядомыя псэўдаапазыцыянэры-блытальшчыкі Ю. Хадыка і В. Карбалевіч галоўны пафас і асноўны час сваіх выступаў на правінцыі прысьвячаюць “неадпаведнасьці А. Мілінкевіча пасадзе агульнага лідэра дэмсілаў”. Калі Беларусь у небясьпецы, грантаўская публіка зноў шукае чарговага падстаўнога “лідэра”, замест падстаўнога Мілінкевіча. Сябры Сойму выказалі меркаваньне, што “агульны лідэр” не падзяліўся з паплечнікамі грантамі. Падстаўныя нават не разумеюць пасярод сваёй валтузьні за лідэрства, што народ бачыць іхную нікчэмнасьць, хлусьлівасьць і прадажнасьць. Сябры Сойму падтрымалі ідэю актыўнага байкоту мясцовых выбараў, прызначаных рэжымам.

Сойм абмеркаваў і прыняў заявы “Актыўны байкот” і “Помнік у Курапатах створаны беларускім народам” (публікуецца).

Інфармацыйная камісія Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ

12 лістапада 2006 г.