АКТЫЎНЫ БАЙКОТ (ЗАЯВА)

5 лістапада рэжым прыступіў да працэдуры вылучэньня кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў. Задзейнічаны ўвесь адміністратыўны апарат. Ідзе кадравы падбор гарантаваных да абраньня кандыдатаў. Яшчэ ні разу не было такога маштабнага вылучэньня сваіх “назіральнікаў” на кожны выбарчы ўчастак (ад дзяржаўных прадпрыемстваў, ЖЭСаў, навучальных установаў і г.д.). Такім чынам, з улікам таго, што “свае” камісіі ўжо сфармаваныя, машына фальсіфікацыяў гатовая. Перад гэтым было зьменена ў горшы бок і без таго недэмакратычнае заканадаўства аб выбарах. Кандыдатам забараняецца весьці адкрытую публічную агітацыю. Сустрэча з выбарцамі ў грамадзкім месцы будзе прыраўнівацца да несанкцыянаванага мітынгу. Выбары нават па форме перастаюць быць падобнымі на сапраўдныя выбары.

Калі ўлічыць наяўнасьць фальсіфікацыйнай машыны галасаваньня і адлучэньне народа ад выбарчага працэсу, — удзельнічаць у такіх выбарах (балатавацца і галасаваць) бяссэнсоўна і шкодна, бо спрыяе рэжыму ў ашуканстве людзей і сьведчыць аб адсутнасьці самапавагі. У гэтых умовах несур’ёзнымі і пустымі зьяўляюцца звароты да рэжыму аб правядзеньні “свабодных, справядлівых і дэмакратычных выбараў”.

Небясьпека гэтай псэўда-выбарчай кампаніі для Беларусі яшчэ і ў тым, што працягвае існаваць пагроза падключэньня пад выбары незаконнага (“анэксійнага”) рэфэрэндуму аб так званым “канстытуцыйным акце”. У такім рэфэрэндуме нельга ўдзельнічаць катэгарычна. Таемны ад людзей і злачынны гандаль беларускімі інтарэсамі Лукашэнкі з Пуціным на сустрэчы ў Маскве 10 лістапада 2006 г. прымушае быць пільнымі.

З прафанацыяй і беззаконьнем неабходна змагацца. Цяпер найбольш адпаведны мэтад у існуючай сітуацыі — гэта актыўны байкот галасаваньня як сьведчаньне пратэсту. Актыўны байкот заключаецца ў тым, што людзі ня йдуць на ўчасткі галасаваць, але абавязкова выходзяць на вуліцы і плошчы, каб засьведчыць, што яны не галасуюць.

Улічым, што нават калі нязгодных на плошчах будзе мала, гэта лепш, чым бы яны пайшлі галасаваць і, тым больш, — “выбірацца”. Калі ж людзей на вуліцах будуць масы — яны робяцца сілай.

Змагарныя сілы трэба нарошчваць. Нельга ўдзельнічаць у прафанацыях і беззаконьні антыбеларускага рэжыму. Нельга ўвесь час падтрымліваць ягонае ашуканства і потым зьдзіўляцца, што людзей ашукалі. Хай рэжым галасуе сам з сабой. Удзел у фальшывых выбарах — гэта адмаўленьне ад барацьбы.

Станавемся на шлях рэальнага змаганьня за Бацькаўшчыну, Справядлівасьць і Салідарнасьць! Гэты шлях падкажа формы і вызначыць вынікі.

Толькі барацьба вялікай колькасьці людзей (а не гульні з рэжымам) можа прынесьці перамогу, палёгку народу і добрыя перамены ў Беларусі.

Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ

12 лістапада 2006 г. Менск