КРЭМЛЬ ПАЧАЎ ШМАТХАДОВУЮ АПЭРАЦЫЮ ПА ДЭЗЫНФАРМАЦЫІ
5 лістапада 2006 г. Румынская газэта “Adevarul” публікуе артыкул пад экзатычнай шапкай “Расейцы і амэрыканцы разам шукаюць ідэальнага наступцу Пуціну”. На запрашэньне Цэнтру Карнэгі ў ЗША прыехаў крамлёвец Аляксей Валошын, цяпер прэзыдэнт савета дырэктароў-акцыянэраў расейскага энэргетычнага канцэрна РАО ЕЭС, а раней кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі пры Ельцыне і Пуціне. Цікава, што сам Валошын “ад усяго адмаўляецца” (як мы разумеем, ня надта настойліва), але гучаць галасы і прасочваецца інфармацыя пра ягоныя выказваньні і кансультацыі з амэрыканцамі.
Дык вось, гучаць галасы, што Пуцін шукае наступцу, які ўвасобіў бы якасьці цяперашніх віцэ-прэм'ераў ураду РФ Д. Мядзьведзева і С. Іванова. Яны маглі б стаць адпаведна прэзыдэнтам і прэм'ерам РФ пасьля выбараў. Іншыя галасы сьцьвярджаюць, што “Валошын сказаў: “Пуцін шукае дастаткова маладога, інтэлігентнага наступцу, добрага знаўцу вайсковых праблемаў, які б даў Пуціну магчымасьць захаваць уплыў і па магчымасьці вярнуцца на прэзыдэнцтва праз чатыры гады”.
Наш камэнтар: Румынская газэта спасылаецца на расейскую газэту “Коммерсант”, “Коммерсант” спасылаецца на амэрыканцаў з Фонду Карнэгі, тыя ў сваю чаргу спасылаюцца на крамлёўскага госьця Валошына. Як казаў у такіх выпадках старшыня польскай “Салідарнасьці” Лех Валенса: “Такое без паўлітры не зразумееш...” Але мы паспрабуем.
З усёй гэтай інфармаплыні зразумела, што Крэмль пачаў шматхадовую апэрацыю дэзынфармацыі і заблытваньня заходніх палітыкаў, аналітыкаў, журналістаў і грамадзтваў у цэлым што да сваіх далейшых плянаў. Пералічаныя катэгорыі будуць цяпер на свае грошы запрашаць да сябе саўдзельнікаў пуцінскіх злачынстваў і праводзіць зь імі публічныя і закрытыя канфэрэнцыі. Будуць публікаваць і абмярковаць іхныя выказваньні і чуткі пра іхныя выказваньні, у сваіх штабах перастаўляць фігуркі на крамлёўскай шахматнай дошцы, шукаючы чарговага караля і г.д. У той самы час тав. Пуцін і ягоная групоўка будуць пасьмейвацца з заходніх гора-аналітыкаў ды фабрыкаваць чарговыя “выказваньні” і “чуткі”.
Амэрыканскія, брусэльскія і іншыя спэцы павінны ведаць адну аксіёму крамлёўскай геамэтрыі, якую ведае любы сярэднестатыстычны постсавецкі чалавек. А менавіта — ніводзін крамлёўскі начальнік дабраахвотна (паводле выбару або прыхамаці) ніколі (ані разу!) не пакідаў крамлёўскі трон. Іх выносілі ўперад нагамі (як Леніна, Сталіна, Брэжнева і інш.), або выводзілі за браму пад белыя ручкі (як Хрушчова і Гарбачова), ці адпраўлялі раней часу ў вымушаны адпачынак (як Ельцына). Гэта Бушу-малодшаму, Шыраку, Мэркель і іншым трэба хвалявацца аб выбарах, грамадзкай думцы і г.д. У Расеі ўжо даўно няма ніякіх выбараў. І тав. Пуцін нікуды зыходзіць не зьбіраецца. Ня толькі таму, што ў Крамлі няма традыцыі сыходзіць. Але перш за ўсё таму, што Пуцін разумее пэўнае правіла: пасьля эвэнтуальнай здачы ўлады яго адразу будуць судзіць (або хутчэй адразу заб'юць) свае ж крамлёўцы, каб ськінуць на яго пэрсанальна (як некалі на тав. Сталіна) усю, выключна ўсю адказнасьць за жудасныя крамлёўскія злачынствы і правалы. За забойства дзяцей у Беслане, за эканамічны калапс, за дзесяткі мільёнаў галодных і сьпітых дорогіх россіян, за абрабаваньне лубянскімі алігархамі багацьцяў імпэрыі і яе народаў — адным словам, за ўсё. Ськінуўшы з сябе адказнасьць, крамлёўская камарыльля арганізуе чарговую “перастройку” і гласность і ўсё пойдзе па новым вітку.
Беларусы таксама не павінны купляцца на публічныя заявы і даверныя нашэптваньні пра перавыбары Пуціна, зьмены ў Крамлі і г.д. Мы павінны бачыць галоўнае: Пуцін і пуцінская каманда менавіта праз захоп (“інтеграцію”) Беларусі спрабуюць утварыць юрыдычна новае дзяржаўнае ўтварэньне — так званую “саюзную дзяржаву РФ і РБ”. Пуцін у гэтым выпадку атрымлівае рэальную, юрыдычна абгрунтаваную магчымасьць заставацца на пасадзе прэзыдэнта “саюзнай дзяржавы” яшчэ на два тэрміны (8 гадоў) і камфортна працягваць сваю злачынную палітыку.
Не выпадкова прамаскоўская псэўдаапазыцыя ў Беларусі (якая існуе пад камандай і на грошы Масквы) так надрываецца, заклікаючы наш народ на бліжэйшыя мясцовыя выбары, да якіх рэжым плянуе (вядома, калі ўдасца) далучыць рэфэрэндум аб “канстытуцыйным акце”. Нельга дапусьціць, каб нашыя людзі зноў пайшлі на выбарчыя ўчасткі (“сказаць сваё НЕ Лукашэнку”), беларусы, угэтым выпадку, здалі б сваю краіну крамлёўскаму хаму. Байкот выбарчаму шоў рэжыму і ягонай псэўдаапазыцыі — гэта шлях абароны Беларусі ад маскоўскага захопу.
Валеры Буйвал