ЛЕКЦЫЯ ПА ЭЛЕКТРЫЧНАСЬЦІ

6 лістапада 2006 г. Нямецкая газэта “Sueddeutsche Zeitung” піша пра “абуджэньне пасьля адключэньня сьвятла”, камэнтуючы наступствы ўчорашняга зацьменьня на вялікіх абшарах Заходняй Эўропы. Усё пачалося з банальнай аварыі-адключэньня электрычнасьці ў нямецкім рэгіёне Эмсланд. І пакацілася хваля цемры па кантынэнце. Усе цяпер шукаюць вінаватых, патрабуюць адказнасьці ад электрычных канцэрнаў.

Наш камэнтар: Аказваецца, ня толькі недаразьвітая Масква можа стаць ахвярай аварыі у адной электратрансфарматарнай будцы. Самазамілаваная брусэльская высокатэхналягічная сістэма раптам прадэманстравала сваю абсалютную недасканаласьць. Збачэнская цэнтралізацыя ў Эўразьвязе на працягу гадоў бянтэжыць рыбакоў, якім забараняюць лавіць рыбу, і сялянаў, якім забараняюць саджаць капусту і гадаваць бычкоў, бо на ўсё ёсьць “збалянсаваная квота”, за якую прагаласавалі эўрачыноўнікі.

І вось урэшце цэнтралізаваная да ненармальнасьці брусэльская схема дала малую іскру на нямецкай правінцыі, а ў выніку большасьць гарадоў патанула ў цемры (шэраг газэтаў друкуюць здымкі кантынэнту з космасу — жудаснае відовішча). Крамлю-Лубянцы дастаткова, аказваецца, паслаць зондэр-групу на любую заходнюю электрастанцыю, зрабіць замыканьне. Згасьне сьвятло ў натаўскіх штабах, у Эўрапарляманце, замітусяцца са сьвечкамі Саляна і Бэніта. На вуліцы ў цемры будуць маршыраваць маскоўскія “вызваліцелі”. І завершыцца лагічным канцом геданічнае існаваньне мільёнаў эўрапейцаў, якія дазваляюць маніпуляваць сабой жулікаватай брусэльскай бюракратыі. Ці зразумелі яны што-небудзь з гэтай лекцыі па электрычнасьці?

Валеры Буйвал