МЕРАПРЫЕМСТВА ПАЧЫНАЕЦЦА

У нядзелю, 5 лістапада, пачалося вылучэньне кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў.

Некаторыя патэнцыйныя кандыдаты ў дэпутаты, напрыклада, у Наваполацку, Ваўкавыску, Жлобіне, спрабавалі перадаць у выбарчыя камісіі сьпісы сваіх ініцыятыўных групаў яшчэ ў пятніцу, 3-га лістапада. Дакумэнты ў тых, хто пасьпяшаўся, не ўзялі. Ўладзімер Нісьцюк зь Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі Грамада (той які заявіў, што зноў будзе супрацоўнічаць з рэжымам) зьбіраецца балятавацца ў дэпутаты Менскага гарадзкога савету.

(Нісьцюк:) "У мяне ўжо ёсьць сьпіс, ёсьць заява. Засталося толькі паставіць подпіс ды дату.

(Інфармацыя паводле радыё і СМІ)

***

Такім чынам, як і ў 2004 годзе, калі падстаўная “апазыцыя” насуперак лёгіцы і беларускай нацыянальна-вызвольнай палітыцы дапамагла прайсьці на трэці тэрмін Лукашэнку, так і цяпер (калі існуе вялікая небясьпека анэксійнага “рэфэрэндуму”) яны ізноў ня слухаюць нікога і нічога, ні голасу розуму, ні здаровага сэнсу, ні сумленьня (калі яно ў іх ёсьць). Лукашысты і маскоўцы паціраюць ручкі. “Апазыцыя”, маўляў, удзельнічае ў выбарах.

Ім хопіць, калі ад гэтай “апазыцыі” прыме ўдзел хоць пяць чалавек. На гэты раз нікчэмныя паводзіны часткі беларусаў могуць мець вынікі горшыя для Беларусі чым у 2004 годзе. Заканамерна, што сярод іншых паўстае пытаньне аб сур'ёзнай адказнасьці. І да яе ўсе мусяць падрыхтавацца. Бо не існуе жартаў з суверэнітэтам Бацькаўшчыны.

Зянон Пазьняк