РУСКІ МАСТАЦКІ ХЛАМ У БЕЛАРУСКІМ МУЗЭІ
Памятаем, як у савецкія часы багемная публіка называла Мастацкі музэй БССР у Менску “Русскім музеем”. Але і тады экспазіцыйная сітуацыя не была такой небеларускай, як гэта склалася гэтай восеньню. Нагадаем, што адразу пасьля аднаўленьня незалежнасьці Беларусі ў 1991 г. большую частку экспазіцыйнай плошчы ў сталічным музэі (цяпер Нацыянальным мастацкім) занялі творы старых беларускіх мастакоў.
Шклоўцы доўга цярпелі гэта “беспарадак”. Пад грукат трыюмфуючай русіфікацыі рэжым урэшце нанёс удар па беларускай мастацкай культуры. Экспазіцыю 1991 года зьнялі, сьцены заляў пафарбавалі ў востра-прытарныя сіропныя колеры (адна заля ружовая, наступная зялёная і г.д.). І ва ўсіх залях павесілі творы выключна расейскага мастацтва. Сярод істінно русскіх трапляюцца армянін Айвазоўскі, грэк Куінджы, украінец Рэпін, паляк Сямірадскі ды некаторыя іншыя, але іх даўно ўжо прысабечыла расейска-імпэрская муза. Зразумела, што супрацоўнікі музэя не самы дадумаліся да гэтай “рэформы”, яны выканалі загад “іскусствоведов в штатском”, што на працягу гадоў арганізоўваюць пагром усяго беларускага.
Аднак, у пагромшчыкаў ёсьць алібі. Яны абяцаюць, што ў сьнежні сёлета адкрыецца эксапазіцыя “беларускага і замежнага мастацтва” у новым музэйным будынку, які дабудоўваюць у двары ззаду старога будынка музэя. Расейшчына, значыцца, не замежнае мастацтва, а беларушчына павінна пакінуць галоўны музэйны будынак на адной з цэнтральных вуліцаў сталіцы і схавацца ў двары, ззаду. Ужо цяпер маладыя экскурсаводы водзяць па сіропных залях наведвальнікаў (найбольш шкада школьнікаў) і распавядаюць ім “о прелестях русской культуры, о Екатеріне ІІ і веліком русском полководце Румянцеве-Задунайском, учітеле велікого Суворова”. Яны не згадваюць, як гэтыя генэралы душылі беларускі народ, разбуралі наша Вялікае княства і як Кацярына раздавала ім беларускія землі, захопленыя замкі і тысячы сялянаў, ператвораных расейцамі ў рабоў.
Ёсьць у нашым музэі вялікія імёны і прыгожыя творы: Рокатаў, Лявіцкі, Ге, Серабракова... Але навошта было ў свой час закупляць, а цяпер выстаўляць столькі малацікавых, трэцягатункавых расейскіх мастакоў, пра якіх у Расеі ведаюць толькі вузкія спэцыялісты, столькі аднатыпных парных партрэтаў, столькі акадэмічных штудыяў (якімі запоўнена экспазіцыя і запаснікі музэя)? Акупанты-гвалтаўнікі арганізоўваюць яшчэ адно антыбеларускае шоў, спадзяючыся, што беларуская культура будзе існаваць на задворках вечна. Але яны памыляюцца.
Янка Базыль