РАСЕЙСКАЕ ТЭЛЕБАЧАНЬНЕ — ЛЮСТЭРКА РАСЕЙСКАГА ГРАМАДЗТВА
Становішча, якое існуе зараз у Расеі, паказвае, што паскараецца працэс маральнай дэградацыі расейскага грамадзтва. Яскравае пацьвярджэньне гэтаму — расейскае тэлебачаньне.
Яшчэ гадоў 15 таму нельга было нават ўявіць, што адбудзецца такая хуткая дэмаралізацыя, бо тады можна было ня толькі ўбачыць цікавыя і духоўна напоўненыя перадачы (у якіх асьвятляліся праблемы жыцьця з пункту гледжаньня агульных маральных каштоўнасьцяў), але і інфармацыйная канцэпцыя тэлебачаньня не была такой адкрыта цынічнай.
Сёньня ж — звычаёвая карціна дачыненьняў, паказаная на экране, настолкі маральна нікчэмная, што выклікае шок, здуменьне, абурэньне і проста агіду. Зрэшты расейцы ўсё гэта глядзяць і бальшыні, відаць, падабаецца такая “свабода”. Яно б і ня надта нас, беларусаў, тычылася (ведаем мы Расею), калі б увесь гэты бруд ня йшоў на нашую Беларусь і не атручваў бы галовы людзям сталым і маладым. Тым больш, што вера ў аўтарытэт ТБ (як і ў друкаванае слова) ў нас па-ранейшаму застаецца. Так паступова беларусы (і галоўнае — маладыя) звыкаюцца з антынормай, з пошласьцю і ўжо не задумваюцца, што гэта дрэнь і глядзець яе — гэта азначае засьмечваць і атручваць сваю сьведамасьць і ўспрыняцьце жыцьця.
Касьцёл, царква, кніга — ў душах жывуць, але як бы самы па сабе. Людзі, якія зьвяртаюцца да Бога, да ідэала, да гармоніі і прыгажосьці, суіснуюць з “атрутным духам” і спажываюць яго як бы між іншым, для “шумавога эфекту” ў доме. А той “эфект” насамрэч не такі бяскрыўдны.
У пагоні за таннай папулярнасьцю расейцы на ТБ гатовыя прадаць усё і ўтаптаць у гразь самае сьвятое. Пра што ж іхныя перадачы?
Пра палігамныя “шлюбы”, напрыклад. Гадзіна эфірнага часу прысьвечана некалькім “сем'ям”, калі адзін мужчына жыве з дзьвума “жонкамі” ў адной кватэры. Бяруцца інтэрв'ю “мужа” і яго “жонак” адносна інтымнай сфэры іхнага існаваньня. І гэты бруд ухваляе (як заўсёды) іхны Жырыноўскі — прадстаўнік высокай расейскай улады у ролі блазна.
Нашто гэта “абмеркаваньне” людзям? У жыцьці кожнага народа ёсьць традыцыя, маральныя нормы, якіх прытрымліваецца хрысьціянскі (і ня толькі хрысьціянскі) сьвет тысячагоддзямі. Існуюць, на жаль, і збачэнцы. Але навошта пра збочанасьць — усім падрад, у тым ліку і дзецям? Навошта ўсхваляць ненармальнасьць? Каб хутчэй памножыць яе? Так ажыцьцяўляецца замбаваньне насельніцтва на зло.
Каб пераканаць гледачоў, што зло “ёсьць норма”, расейцы спасылаюцца на “братоў”-мусульманаў. Прыводзіцца яшчэ й прыклад, як руская дзяўчына, закахаўшыся ў Махмуда, сьведама стала трэцяй ягонай жонкай, дзе жонкі — “сёстры” і ўсе дружаць.
Цікава, што калі тыя ж “браты”-мусульмане прыяжджаюць у іхную Маскву, іх там называюць ужо не “братамі”, а зусім па-іншаму. Гэта ведаюць усе, таму ў “брацкія” адносіны Расеі да іншых наўрад ці хто верыць. Адсюль і фальш: кажуць адно, на справе іншае.
Эстрада, якая зараз запоўніла ўсе дзіры ў эфіры, вульгарна дэманструе самыя нізкія “пачуцьці”, што іхныя песьні (тыпу “я беременна, но это временно”), што так званы гумар. Пра што ж жартуюць расейцы? Тут, на жаль, стаўка таксама на самыя нізкія чалавечыя праявы. І збачэнцаў не забываюць “укручваць” у кола абмеркаваньня расейскіх праблемаў. І ня рэдка гэткія “артысты” чапляюць на сябе хрысьціянскі крыж. Зьявіліся нават “зоркі”-збачэнцы, і ім — пляскаюць у далонькі, слухаюць іхныя публічныя пошла-юрлівыя і ненармальныя разважаньні. І забываюцца, што такія тэмы ў культурным хрысьціянскім сьвеце маюць табу, забарону. Бо гэта — маральнае дно. Гразь не павінна мець нічога агульнага з нармальным чалавечым жыцьцём.
Раней адной з функцыяў сьмеху была задача адмаўленьня і зьнішчэньня нэгатыўнай зьявы. Зараз наадварот: сьмех мае падтэкст апраўданьня зла, тое што брыдкае, тое, маўляў, — “добра”, “во даёт”, “малайчына” і г.д. Удумаемся толькі ў адны назвы іхных “ток-шоу”. Напрыклад, “Без комплексаў”. Пра што тут гавораць? Як пазбавіцца ад неадэкватных комплексаў? Бывае і такая гаворка, але часьцей іншая, галоўным чынам — як стаць бессаромнымі, як згубіць сумленьне і сорам, як здраджваць мужу (жонцы), каб усё было “ціха”; як дамагчыся посьпеху ў жыцьці (любым без выключэньня спосабам, маўляў, “ня трэба саромецца, жывём адзін раз”); як дзяўчыне стаць разбэшчанай (па іхнай тэрміналёгіі, “сэксуальнай”); ці патрэбнае сумленьне жанчыне (!). У перадачы можна пачуць што заўгодна, нават што і сумленьне — рэч не абавязковая.
Вядучая (вульгарная “зорка” расейскай эстрады) стварае ў эфіры вобраз гэтакай багемна-паблажлівай кабеты, добрай да ўсіх. Прыходзіць прыстойны чалавек на перадачу — яна да яго добрая, ветлівая. Прыходзіць збачэнец ці проста дурань, які прапагандуе сваю неразьвітасьць, глупства ці вычварэнства — яна такая ж аб'ектыўная і прыветная да яго. Так званая “бесхрыбетная” дабрыня: да дабра і да зла. “Паліткарэктнасьць” да брыдоты. І што, гэта трэба глядзець і засьмечваць галаву ўсялякім глупствам і безгустоўшчынай?!
“Я всю жизнь хочу одного мужчину”, “мой четвертый муж такой...”, “я изменяла мужьям”, — гэтыя цытаты з рэплік вядучай гавораць самы за сябе, павінны гаварыць! Яе мова — грубая і разьвязная (кшталту “плевать я хотела”). А між тым гэтая вядучая ў лютым 2006 г. заваявала нейкі прыз сімпатыяў расейскіх гледачоў, у яе вялікі “рэйтынг”.
Тут жа да паслугаў аўтара перадачы (і вядучай) — псіхолягі. Цытата з “псіхоляга”: “В жизни самое главное — секс”; “У меня было много жен”. І вядучая называе яго “інтэлегентным” і “выхаваным” чалавекам.
Яшчэ адна назва ток-шоу: “Пусть говорят”. І гавораць, пра што толькі ні гавораць... Пра цяжарнасьць у 11 год і ў абарону такой “сям'і” (добры прыклад для ўзору).
Гаданьні, чорная магія, Кашпіроўскі і г.д. — і ўсё гэта ў эфіры кожны дзень. А гэтага ж усяго лібэральнага бруду не павінна быць зусім, бо вядзе — ў цемру і зло. Іншых перадач (пра сьветлае, чыстае, пра чалавечае) — зусім няшмат.
Адзін прыклад, так званы “станоўчы”. Перадача-спаборніцтва старэйшых школьнікаў “Умники и умницы”, дзе пераможцу залічваюць на першы курс МГІМО. Вядучы пытае пераможцу: “Вы человек упрямый?” Пераможца адказвае “так”.
Выглядае, што паняцьце “упрямый” — станоўчае. Так блытаюцца словы, паняцьці, а ў выніку — блытаюцца думкі і лад жыцьця.
А вось як “арыгінальна” падаецца інфармацыя пра сапраўды страшную хваробу “птушыны грып”. Каб зьберагчы чалавека ад віруса, зьнішчаюць сотні тысяч птушак (і жывёлу). Напэўна, у гэтым ёсьць лёгіка. Але чаму гэта ўсё зьнішчэньне дэманструецца на ТБ? Каб атруціць чалавека жорсткасьцю, каб на мёртвую жывёлу глядзець прывыклі як да нормы? І для “карцінкі” на расейскім ТБ ніякага табу не існуе? Паказваючы ўсё гэта па сваіх каналах, расейцы ўплываюць на сьвядомасьць усіх, хто іх глядзіць: і ў Расеі, і на Беларусі, і па ўсім сьвеце.
Пасьля ўсяго ўбачанага як ня выказацца ў абарону маральнай цэнзуры, якая б сталася хоць нейкай перашкодай для расейскай разбэшчанасьці і яе атруты на Беларусі.
Хочацца думаць і верыць, што чыстасьць-чысьціня, прыстойнасьць ня зьнікнуць з жыцьця. Але для гэтага трэба памятаць: нельга капацца ў брудзе і гразі, бо гразь абавязкова наліпне. Гразь трэба абыходзіць.
Многія могуць сказаць, што беларускае тэлебачаньне яшчэ горшае. Так і ня так, бо яно не беларускае, яно ў нас антыбеларускае, прамаскоўскае, па характару акупанцкае, і акупант зацікаўлены, каб у нас было яшчэ горай.
У гэтым годзе праходзіў саміт “вялікай васьмёркі” ў Санкт-Пецярбургу. Шмат было рэклямы пра “магутную” (не п'яную, не крымінальную, не кілерскую, не гэбоўскую як на справе) Расею, і ўжо зусім сьмешна было слухаць, калі іхны кіраўнік гаварыў пра адвечную “талерантнасьць” Расеі ў адносінах да іншых народаў. (Гэта ж трэба дадумацца!) Расейскія прапагандысты, відаць, спадзяюцца на тое, што шмат людзей верыць таму, што кажуць у “тэлевізары”. (Няважна што кажуць, але калі ў тэлевізары, то праўда.) Аднак ніколі нельга забывацца, як тая Расея зьнішчала і зьнішчае іншыя народы, як высакамерна, грэбліва і непаважліва ставіцца да малалікіх народаў (напрыклад, да чукчаў, комі, калмыкаў), як яна зьнішчае Чачэнію, як азлоблена і нецярпіма ставіцца сёньня да незалежнай Украіны і Грузіі, якую агрэсіўную і анэксійную палітыку праводзіць удачыненьні да нашай Беларусі.
Пра гэта трэба памятаць і не ўспрымаць чужую інфармацыйную агрэсію і хлусьню. Некалі эстонцы ў савецкай Эстоніі ніколі не глядзелі расейскае тэлебачаньне. Яны глядзелі толькі сваё — Талін ды яшчэ Гэльсінкі. Гэта засьцерагала іх ад савецкай атруты. У нас жа цяпер культуралячгічная бяда. Бо свайго нацыянальнага беларускага тэлебачаньня ўжо няма. Але прыйдзе час — стане вольная Беларусь і зьявіцца беларускае тэлебачаньне, дзе будуць паважаць сумленных людзей, беларускую мову, нацыянальную культуру і Беларускі народ.
Галіна Пазьняк
2006 г.