ЭЎРАБЮРАКРАТЫЯ ШКАДУЕ САДДАМА ХУСЭЙНА

Саддама Хусэйна засудзілі на сьмерць. Кожны разумее, што злачынцы супраць чалавецтва заслугоўваюць сьмерці. Праўда ёсьць людзі з паталягічным комплексам, які называецца “любоў да падонкаў”, такія вычварэнцы рэспэктуюць гвалтаўнікоў і абараняюць паскудзтва. Цяперашні ненармальны парадак ў Эўропе дае магчымасьць такім людзям хавацца за шырму лібэральнай дэмакратыі.

Вы толькі паглядзіце на гэтую публічку. Супроць прысуду Хусэйна на сьмерць выступілі так званыя арганізацыі “правоў чалавека”, “міжнародная амністыя”, кіраўніцтва Францыі і ўсяго Эўразьвязу, бо яны, бачыце раней заявілі, што выступаюць супроць сьмяротнага пакараньня. Больш таго, Эўразьвяз заклікаў улады Іраку, каб не выконвалі прыгавору. А як жа незалежны суд? А законы? А прававая дзяржава? Вось вам і дэмакратыя па-брусэльску. Што Чачэнія, што Ірак, што Беларусь — у іх усё адно. Зусім заблыталіся чэмбэрлены. Ну хіба не маразм?

Пры гэтым трэба ўлічыць, што больш за 70 адсоткаў насельніцтва краінаў Эўразьвязу выступаюць (як гэта прадугледжвае Біблія і Хрысьціянства) за сьмяротнае пакараньне забойцаў. Абарона зла назіраецца толькі ў сфэры шырока разбуялай цяпер эўрабюракратыі,

(а таксама ў асяроддзі лібэральнай багемы і аматараў “правоў чалавека”). Але гэтыя сфэры яшчэ ня ёсьць дэмакратыя. Бюракратычная каста, існуе пры любых рэжымах. Гэтая каста, захапіла цяпер уладу ў Эўропе.

Ёсьць яшчэ адзін пункцік у гэтай касты — нелюбоў да Амэрыкі і асабліва да прэзыдэнта Буша. А паколькі сьмяротны прыгавор Хусэйну ўзмацняе пазыцыю Буша, то, маўляў, і ня трэба такога прыгавору. Некаторыя кажуць пра гэта адкрыта. Дэградацыя эўрапалітыкі і нават проста здаровага сэнсу, — усім на відавоку. Здаецца, што Лукашэнка можа спаць спакойна. Нічога зь ім ня станецца, а калі што і зьвіхнецца, то “правы чалавека” яго падтрымаюць а Эўразьвяз яго пашкадуе.

Зянон Пазьняк