ПСЭЎДАМАСТАЦКАЯ АТРУТА

4 лістапада 2006 г. Ангельская газэта “The Independent” піша пра маючыя адбыцца мастацкія выставы ў Каралеўскай Акадэміі ў Лёндане. Аматары мастацтва ўбачаць творы вялікага гішпанскага мастака Франсіска Гоі, якія ніколі не экспанаваліся ў Брытаніі. Адбудуцца таксама выставы твораў Рэйналдса, Кановы, Энгра, Дэлякруа, імпрэсіяністаў.

Наш камэнтар: Чытаеш пра гэта з зайздрасьцю. Ня верыцца, што нават у часы савецкай ізаляцыі ў 1970-80-я гг. (калі, больш таго, БССР лічылася другаснай правінцыяй імпэрыі) у нашым Мастацкім музэі ў Менску прайшоў шэраг цікавейшых мастацкіх выставаў. Менчукі ўбачылі шэдэўры Дрэздэнскай галерэі, музэяў ЗША, Польшчы і Канады, Пражскай Нацыянальнай галерэі, клясіку заходнеэўрапейскай гравюры і г.д. Нават тады не было такой нездаровай скасабочанасьці, якая назіраецца ў культурным жыцьці Менска і ўсёй Беларусі цяпер. Трацьцякоўская галерэя зь вялікай помпай выстаўляе ў нашым Нацыянальным мастацкім музэі нейкія палотны, што па 100-150 гадоў ляжалі ў Маскве мёртвым грузам у запасьніках. Або яшчэ горш: месяцы два-тры на галерэі музэя вісяць шумна разрэклямаваныя “современные іконы РПЦ із Москвы і Ленінграда”.

Тое ж самае творыцца ў тэатральным і эстрадным жыцьці. Пад сурдзінку “інтэграцыі братніх народаў у адну дзяржаву” лубянцы мабілізавалі нават Алу Пугачову з Філіпам Кіркоравым, некалькі акцёраў з маскоўскага Малога тэатру і г.д.. Расейскія поп-гоп-групы сьпяваюць пад фанаграму нават у Жлобіне, Івацэвічах і Барысаве. Надрываецца на беларускіх сцэнах “песьняр гэбізму” Газманаў: “КГБ, МВД і наука высокая — это моя страна! Я сделан в СССР...”

“Вот счастье-то подваліло!..” — павінен захлынацца ад радасьці беларус. Ад усёй гэтай псэўдакультурнай экспансіі “пад фанэру” робіцца брыдка. Беларусь адразаюць ад нармальных працэсаў культурнага існаваньня ў эўрапейскай прасторы. Навязьлівыя “культуртрэгеры” пакасьцяць людзям у галаву, што сапраўднае сьвятло эстэтыкі ёсьць выключна ў іх у Маскве і за Масквой. Татальным набегам на працягу апошніх гадоў яны спрабуюць прымусіць нас забыцца пра сваё і пра суседнія ды больш далёкія эўрапейскія культуры. Цяжка думаць аб тым, што вычварная прамаскоўская ізаляцыя паступова становіцца нормай жыцьця нашага народу.

Валеры Буйвал