МЭМАРЭАЛЬНЫ МІТЫНГ Ў ЛОШЫЦКІМ ЯРЫ
4 лістапада сябры Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ правялі мэмарыяльныя мерапрыемствы, прысьвечаныя Дню памяці продкаў — Дзяды на ўскраіне Менска. Адбылося шэсьце і мэмарыяльны мітынг каля Крыжа ў Лошыцкім Яры на месцы пахаваньняў ахвяраў расейска-бальшавіцкага рэжыму.
Людзі ўсклалі да Крыжа кветкі, запалілі сьвечкі і зьнічы. Засьпявалі гімн “Магутны Божа”. Высока лунаў нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг.
Выступоўцы казалі пра неабходнасьць захоўваць памяць аб нашых Дзядах, каб не парывалася сувязь пакаленьняў. Нагадалі пра гісторыю гэтага пакутнага месца. У 1930-я гады па чэрвень 1941 г. у будынку Лошыцкай сядзібы знаходзілася катоўня НКВД. Расейскія акупанты катавалі, а потым растрэльвалі ў Лошыцкім Яры беларускую інтэлігенцыю. Многія з ахвяраў лошыцкай расейскай катоўні былі беларусамі, якія ўцяклі з Заходняй Беларусі ў БССР, паверыўшы бальшавіцкай прапагандзе аб “народным шчасьці”. Лошыцкі Яр — адно з многіх месцаў генацыду нашага народу, генацыду, што тварыў маскоўскі акупант. Выступоўцы нагадалі, што й цяпер расейская імпэрыя рэалізуе агрэсіўны плян па новай акупацыі Беларусі пад выглядам “інтэграцыі” і “стварэньня саюзнай дзяржавы”. У Расеі назіраецца фашызацыя грамадзтва і дзяржаўнай улады, якая зьнішчае свой уласны народ. Толькі павінны ведаць маскоўскія агрэсары, што беларусы будуць абараняць сваю Бацькаўшчыну ўсімі спосабамі, у адпаведнасьці з Канстытуцыяй, прыродным правам і нацыянальнай традыцыяй нашага народу.
На цяперашнім этапе галоўным зьяўляецца грамадзкі байкот псэўдавыбараў і рэфэрэндуму па антыканстытуцыйным “канстытуцыйным акце”, паводле якога Масква хоча анэксаваць Беларусь і ліквідаваць Беларускую дзяржаву. Трэба салідарна сарваць антызаконны праект рэжыму і прысьцёбнутай да яго псэўдаапазыцыі, якая зноў заклікае людзей ісьці на выбарчы фарс, каб “сказаць сваё НЕ рэжыму”. Няма веры чарговым дэмагогам і блытальнікам, якія зноў падманваюць людзей “народным шчасьцем” і вядуць беларусаў і пастку.
Мэмарыяльны мітынг скончыўся сьпяваньнем гімну “Магутны Божа”.
Інфармацыйная камісія Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ 4 лістапада 2006 г.