УГОДКІ УГОРСКАЙ РЭВАЛЮЦЫІ

4 лістапада 2006 г. Угорская газэта “Nepszabadsag” піша пра 50-я ўгодкі трагічнага канца Народнай рэвалюцыі. Менавіта 4 лістапада 1956 году Крэмль кінуў на Угоршчыну сваю армію. Танкавыя калёны пачалі здушэньне народу, які на некалькі дзён адваяваў сваю свабоду. Як і раней, антыкамуністычная апазіцыя (начале з партыяй ФІДЭС) адмовілася браць удзел у афіцыйных мерапрыемствах пад кіраўніцтвам цяперашняга прэм'ера-камсамольца Дзюрчаня. Патрыёты, якія ўжо на працягу тыдняў змагаюцца супраць рэжыму Дзюрчаня, зьбіраюцца каля Музэя Тэрору на вул. Андрашы і каля гатэля “Асторыя”, дзе ў 1956 г. адбыліся лютыя баі з расейскімі агрэсарамі.

Наш камэнтар: Пасьля сьмерці Сталіна ўгорскі народ не хацеў ужо больш цярпець ярмо сталіністаў, якія давялі да катастрофы эканоміку краіны і наладзілі татальны тэрор супраць лепшых людзей нацыі. Рэвалюцыя пачалася з сымвалічнага эпізоду. 20 кастрычніка 1956 г. 300 студэнтаў сабраліся ў цэнтры Будапэшта і пайшлі маршам да помніка графу Бацяню (аднаму з кіраўнікоў угорскага паўстаньня часоў Вясны Народаў 1848-49 гг.).

Угорцы не забыліся, што пасьля перамогі над аўстрыйскімі каляніялістамі на пачатку рэвалюцыі 1848 года менавіта расейцы прышлі на дапамогу венскай манархіі. Мікалай І Раманаў накіраваў ва Угоршчыну 300 тысячаў войска. У бітве пад Цемешварам маскоўцы разьбілі паўстанцаў. Захопленых у палон патрыётаў агрэсары перадалі ў рукі аўстрыйскіх акупантаў. Аўстрыйцы растралялі графа Бацяня, паэта Шандара Пэцефі і сотні іншых герояў рэвалюцыі. Так што, ушаноўваючы Бацяня, студэнты 1956 года памяталі, хто разам з аўстрыйцамі растаптаў іхную свабоду (не выпадкова беларуская моладзь увесну 2006 г. назвала цэнтар народнага пратэсту імем Кастуся Каліноўскага).

23 кастрычніка 1956 г. у Будапэшце ўжо маршыравалі дзесяткі тысячаў студэнтаў. Спэцслужбы рэжыму адкрылі агонь па дэманстрантах. Калі насельніцтва даведалася пра гэтае злачынства рэжыму, то на працягу наступных двух дзён да моладзі далучыліся мільёны людзей па ўсёй Угоршчыне. Народ сабраўся каля сядзібы спэцслужбаў (падпарадкаваных маскоўскаму КГБ), каб выказаць свой пратэст. Гэбэшнікі пачалі страляць па людзях. Народ узяў штурмам сядзібу “псов государевых”. Некаторых зь іх разьюшаныя людзі прымусілі скакаць з пятага паверху на брук, настолькі была вялікай нянавісьць да катаў за гады зьдзеку.

Народ граміў парткамы, райкамы і сядзібы спэцслужбаў па ўсёй краіне. Гарнізоны савецкай арміі, якія з 1945 г. стаялі на тэрыторыі Угоршчыны, атрымалі загад з Масквы ратаваць маскоўскіх халуёў і іхны рэжым. У Будапэшт і іншыя гарады ўвайшлі расейскія танкі. Але рабочыя будапэшцкай збраёўні адкрылі склады і пачалі раздаваць людзям зброю. Цэнтрам стварэньня паўстанцкай арміі стаў завод “Чэпэль”. Разгарэліся баі. Значная частка ўгорскай арміі стала на бок народу. Масква дарэмна разьлічвала на лёгкую перамогу. Паспалітае рушэньне паліла танкі ня горш за прафэсійных вайскоўцаў. Так, на барыкадах на пл. Сэна паўстанцы пад кіраўніцтвам 59-гадовага кіроўцы аўтобуса Янаша Сабы вельмі эфэктыўна адбівалі атакі ворага. Абаронай вайсковай базы Кіліян камандваў афіцэр-танкіст Пал Малетэр. 26 кастрычніка пашкуматаны маскаль вымушаны быў адступіць і пакінуць тэрыторыю Угоршчыны.

Але палітбюро ЦК КПСС не магло дапусьціць такога “свавольства”. Хрушчоў (аўтар крывадушнай “адлігі” і першай “перастройкі”) аддаў загад здушыць Угорскую рэвалюцыю. Тым больш, што Захад у той самы час быў заняты вайной за Суэцкі канал у Эгіпце. Крывавы маршал Жукаў (на сумленьні якога тысячы, безьліч беларускіх жаўнераў, якіх ён зьнішчыў у бязглуздых лабавых атаках у 1941-45 гг.) 4-га лістапада вярнуў савецкія танкі (і паўмільённае акупацыйнае войска) ва Угоршчыну. Паўстанцы адбіваліся да апошняга, але сілы былі няроўнымі. Захапіўшы Угоршчыну, крамлёўскі вораг здолеў захаваць сваю ўладу яшчэ на 32 гады да канчатковага краху камунізму ва Угоршчыне ў 1988 г. За гэта маскоўскім акупантам і іхным паслугачам вечны праклён. І вечная слава героям рэвалюцыі.

Валеры Буйвал