БЛЫТАНІКІ НА КАСЬЦЯХ

31 кастрычніка 2006 г. Польская газэта “Rzeczpospolita” паведамляе, што 30 кастрычніка на Лубянскай плошчы ў Маскве адбыўся мітынг у памяць ахвяраў палітычных рэпрэсіяў. Перад Салавецкім каменем насупраць сядзібы ФСБ сабралася 200 асобаў.

Наш камэнтар: Вось так. На 12-мільённую Маскву перад ГБ сабралося 200 чалавек. Астатнім гэта нецікава. У Менску нехта таксама адзначаў гэты дзень 30-га кастрычніка. Беларусы ўжо даўно заўважылі, што “нехта” хацеў бы перакруціць нашу гісторыю. Хацеў бы даказаць, што 30 кастрычніка 1988 года беларусы рушылі не ў памінальны Дзень Дзядоў (паводле нацыянальнай традыцыі), а ў прыдуманы дзень савецкага палітзэка. Нібыта да савецкіх рэпрэсіяў у Беларусі не было ніякіх рэпрэсіяў расейскіх акупантаў.

Вось і сёлета груповачка “псэўдадэмакратаў” не далучылася да мэмарыяльнага шэсьця і мітынгу ў Курапатах на Дзяды 29 кастрычніка. У піку Дзядам псэўдафронтаўцы заклікалі грамадзтва “адзначыць талакой у Курапатах дзень палітвязьня” 30 кастрычніка. Як гэта ўсё выглядае дробязна і нікчэмна пасьля 29 кастрычніка, калі адбыліся вялікае шэсьце і мітынг, арганізаваныя Беларускім Народным Фронтам “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыяй — БНФ. Тысячы людзей пад нацыянальнымі Бел-Чырвона-Белымі сьцягамі ўрачыста адзначылі Дзень памяці продкаў. Дарэчы, напярэдадні масавага мітынга ў Курапатах адраджэнцы-фронтаўцы правялі там талаку. Так што 30 кастрычніка там не было што рабіць.

Але фальшывыя асобы нічога рабіць і не зьбіраліся. (Тым больш, што людзі да іх не пайшлі.) Усё выглядала недарэчна. 15-17 “асобаў” пахадзілі-пастаялі пасярод крыжоў, пафатаграфаваліся і сышлі. Яны нават не пасаромеліся зьмясьціць фота са свайго мерапрыемства (“талакі”) на партыйным сайце “Партыі БНФ”. На іх варта зірнуць, каб зразумець сутнасьць гэтай паказной зьявы. Купка мужчынаў стаіць, адвярнуўшыся плячыма. На наступным фота тое ж самае — такое ўражаньне, што яны хаваюць свае твары. Сярод іх выдзяляецца толькі характэрная фізіяномія В. Арэшкі, сумнавядомага “навуковага кансультанта”, які кансультуе рэжым, як больш эфэктыўна зьнішчаць Курапаты. Спроба блытальшчыкаў у чарговы раз заблытаць беларускае грамадзтва скончылася правалам.

Валеры Буйвал