ГАНАРАЦЦА АГРЭСІЯЙ
10 кастрычніка расейская тэлебачаньне НТВ паказала настальгічны рэпартаж з Кабула пад дэвізам “Русскіе хорошо!” Паводле маскоўскіх журналістаў, аўганцы з цеплынёй успамінаюць часы, калі ў іхнай краіне стралялі і гаспадарылі расейцы. Гэта вам, маўляў, “не цяперашнія заходнія гаспадары” (як паўтараў тэлевядучы).
Аказваецца саветы пабудавалі ў адсталай краіне інстытуты. З гары можна нават убачыць, што комплекс будынкаў кабульскага Політэхнічнага інстытута мае форму абрэвіятуры “СССР”. Ва ўсіх інстытутах выкладаньне асноўных прадметаў вялося тады на расейскай мове (“вот прогресс-то!”). А цяпер ў моду ўвайшла ангельшчына. Выпускнікоў расейскіх ВНУ не бяруць на працу. Разагналі некалькі апошніх катэдраў расейскай мовы. Аказваецца, пры саветах у краіне старажытнейшай культуры і цывілізацыі на поўных парах вялася грунтоўная русіфікацыя эліты. Цяпер некаторым з былых прыстасаванцаў да “велікого і могучего” не знайшлося працы. Тэлерэпартаж атрымаўся аптымістычны.
Чаму ж маскоўская тэлегрупа не зьняла разбураныя гарады і вёскі, тысячы калек, бязьмежныя могілкі ахвяраў дзесяцігадовай расейскай акупацыі? Праз 17 гадоў пасьля перамогі аўганскага народу над крамлёўскім фашызмам і сакрушальнай паразы расейскага імпэрыялізму тэлебалбатуны хацелі б стварыць прывабную карцінку-лубок пра савецка-аўганскую дружбу. Гэта тое ж самае, як калі б у Беларусь прыехала тэлегрупа з ФРГ і пачала б рабіць рэпартаж аб “прелестях немецкой окупаціі 1941-44 гг.” Чаму сёньняшнія немцы ня робяць так, а расейцы робяць?
А таму, што той Нямеччыны, якая зьнішчала нашых людзей, няма з 1945 г. Яна разгромлена народамі, яе ідэялёгія, партыя, спэцслужбы забаронены і абвешчаны чалавеканенавісьніцкімі, яе кіраўнікі асуджаны і пакараны. А расейскі камуна-фашызм, яго ідэялёгія, партыя, спэцслужбы і кіраўнікі працягваюць сваё існаваньне і па-старому зьнішчаюць людзей ва ўсім сьвеце.
Янка Базыль