“MILORG”

2 лістапада 2006 г. Нарвэжская газэта “Aftenposten” паведамляе пра сьмерць Енса Хрысьціяна Хогэ (1915-2006), называючы яго “галоўным абаронцам краіны”. Актывіст спартовага маладзёвага руху, Хогэ уключыўся ў барацьбу супраць нямецкіх фашыстаў з першых дзён акупацыі Нарвэгіі. У 1942 г. 27-гадовы патрыёт узначаліў падпольную нарвэжскую армію “Milorg” (Militere Organisasjon — Ваенная Арганізацыя), якая правяла шэраг баявых акцыяў супраць акупантаў і забясьпечыла антыгітлераўскую кааліцыю каштоўнай разьведінфармацыяй. Хогэ ўспамінаў, што “чым больш цывільнай па свайму складу станавілася падпольная арганізацыя, тым больш эфэктыўнымі ў ваенным сэнсе былі яе дзеяньні”. “Мілорг” дзейнічала пад камандаваньнем эміграцыйнага ўраду Нарвэгіі і генштаба нарвэжскіх узброеных сілаў, якія знаходзіліся ў Лёндане.

Наш камэнтар: Гэта ня першы выпадак у гісторыі, калі вышэйшыя чыны ў залатых пагонах правальвалі справу абароны краіны ад чужынскага нашэсьця. Адным не хацелася рызыкаваць жыцьцём, другія разгубіліся (бо не хацелі верыць, што немцы нападуць на нэйтральную Нарвэгію), трэція падаліся прыслугоўваць акупантам. Справу абароны радзімы давялося браць у свае рукі патрыятычнай моладзі, у якой не было залатых пагонаў, затое была нянавісьць да ворага і жаданьне вызваліць родную зямлю ад фашыстаў. Сьмеласьць, рашучасьць і самаадданасьць аказаліся значна важнейшымі, чым дыплёмы вайсковых акадэміяў, эпалеты і генэральскія ганарары. У змаганьні раскрыліся тысячы яркіх талентаў. Напрыклад, Хогэ нават лёнданскія камандзёры называлі “бліскучым стратэгам і арганізатарам”. Не выпадкова, што пасьля перамогі над фашызмам Хогэ быў прызначаны міністрам абароны Нарвэгіі.

Валеры Буйвал