“ДАГНІВАЕ І РАСПАДАЕЦЦА”

10 кастрычніка абваліўся цэлы пад'езд пяціпавярховага дому ў Выбаргу, што каля Пецярбурга, а толькі праз суткі высьветлілася, колькі ў выніку абвалу загінула людзей: сямёра, уключна з трохмесячным дзіцем. Людзі распавядаюць журналістам, што дом нават афіцыйна лічыўся аварыйным. На ўсе заклікі і патрабаваньні жыхароў наладзіць рамонт або адсяленьне ўлады адказвалі, што няма магчымасьцяў і грошай. Пра трагічны выпадак згадалі нават на паседжаньні Дзярждумы ў Маскве (нягледзячы на тое, што там цяпер на парадку дня стаіць помста грузінскаму народу). Міністры тлумачыліся: “У Расеі на сёньняшні дзень 93 мільёны мэтраў квадратных аварыйнага жыльля! Ды што нам рабіць?”

Выбарг (па-фінску Вііпуры) быў арэнай крывавых баёў у 1940 і 1944 гг. Масква кідала на штурм фінскага горада сотні тысячаў жаўнераў. Многія беларускія вэтэраны з жахам успамінаюць лабавыя атакі, горы трупаў з чырвонымі зорачкамі, зьверства чырвонаармейскага начальства, якое не лічылася са стратамі, і адчайны супраціў абаронцаў Фінляндыі. І вось горад адваявалі, паднялі над ім чырвоны сьцяг перамогі. Пачалі жыць... Нешта ня чулі мы пра падобныя катастрофы на тэрыторыі сучаснай Фінляндыі, якую ня ўдалося захапіць крамлёўскім “вызваліцелям”. Большая частка фінаў жыве ў сваіх дамах і маёнтках (і за гэта змагаліся ў 1940-х гадах героі-абаронцы паўночнай краіны). Фінская архітэктура вядомая сваімі высокімі эстэтычнымі, канструктыўнымі і функцыянальнымі якасьцямі, імкненьнем дасягнуць суладдзе чалавека з прыродай. На акупаванай расейцамі тэрыторыі (Вііпуры і правінцыя) ўсё дагнівае і распадаецца, пад абломкамі гінуць людзі. І так паўсюль на прасторах гнілой імпэрыі.

Валеры Буйвал