СТРАЛЯНІНА Ў ІТАЛІІ
1 лістапада 2006 г. Італьянская газэта “Corriere della Sera” піша пра хвалю забойстваў на вуліцах гістарычнага цэнтру Нэапаля. Мафійная арганізацыя Камора распачала чарговую вайну супраць канкурэнтаў. Гучаць стрэлы, на асфальце валяюцца трупы. Паліцыя арыштавала сямёх паханоў Каморы. Прэзыдэнт Італіі з выразным прозьвішчам Напалетана заявіў, што “Нэапаль перажывае глыбокі сацыяльны, эканамічны і экалягічны крызіс”. Італія ў шоку, усе апасаюцца вяртаньня нестабільнасьці 1970-80-х гадоў.
Наш камэнтар: Сучасная Італія на працягу 150 гадоў пасьля ўтварэньня адзінай нацыянальнай дзяржавы ня можа даць рады дасягнуць адзінства. Усяму сьвету вядомы кантраст паміж высокаразьвітай Поўначчу і вечна праблемным Поўдням. Дагэтуль уважлівы падарожнік бачыць рэзкую розьніцу паміж рознымі рэгіёнамі Італіі. Невыпадкова, што актывісты Лігі Норд (мільёны людзей на Поўначы) змагаюцца палітычнымі мэтадамі за аддзяленьне ад Італіі і стварэньне новай дзяржавы — Паданіі, якая ня будзе ўжо мець абавязку ўтрымліваць хаатычны Поўдзень і рымскую бюракратыю.
Паўднёвыя дыялекты (сіцылійскі, калабрыйскі, пулійскі, нэапалітанскі) паўночны італьянец проста не разумее (гэта ўласна разьвітыя мовы, а не дыялекты). Зусім іншая мэнтальнасьць, этнічнае паходжаньне, культурныя традыцыі — усё гэта ня здолеў зьліць у адно цэлае нават магутны ў Італіі каталіцкі Касьцёл. Падобныя зьявы мы бачым у Гішпаніі (барацьба баскаў і каталёнцаў), Бэльгіі (барацьба фламандцаў), Францыі (барацьба карсіканцаў). Эўразьвязу, мабыць, мала гэтых праблемаў. Брусэлю карціць далучыць Румынію (дзе ў Трансільваніі шырыцца магутны рух этнічных угорцаў за далучэньне рэгіёну да Угоршчыны) і Турцыю (дзе сярод іншага вядзецца сапраўдная вайна супраць курдаў). Тупіковая палітыка, аднак, пачынае ўжо хваляваць шэраг эўрадэпутатаў. Спадзяемся, што многія зь іх у хуткім часе адэкватна ацэняць згубную прамаскоўскую палітыку барозаў-салянаў-бэнітаў у адносінах да Беларусі і Украіны. Хаця...
Валеры Буйвал