ЭЎРАВАДЭВІЛЬ НА ТЭМУ “АПАЗЫЦЫІ”
27 кастрычніка 2006 г. Летувіская газэта “Lietuvos Rytas” паведамляе пра ўручэньне прэміі імя А. Сахарава “лідэру беларускай апазіцыі” А. Мілінкевічу. На прэмію “лідэра” рэкамэндавала група эўрадэпутатаў. Газэта паведамляе, што “Мілінкевіч прайграў выбары Лукашэнку, якога называюць апошнім дыктатарам Эўропы”.
Наш камэнтар: Апошнім часам мы чуем прызнаньні самых “падстаўных апазіцыянэраў”, што іхная “апазіцыя перажывае крызіс”. У чарговы раз падстаўныя грантаўскія псэўдабарацьбіты пацярпелі паразу на вачах ва ўсёй Эўропы. У сакавіку сёлета яны завялі беларускіх грамадзянаў на арганізаванае прамаскоўскім рэжымам выбарчае шоў (“сказаць сваё НЕ дыктатуры”) і масавым удзелам выбарцаў забясьпечылі антызаконны трэці тэрмін пры ўладзе шклоўскаму дзеячу. Падчас масавых акцыяў пратэсту на пл. Кастуся Каліноўскага ў цэнтры сталіцы Мілінкевіч асабіста ў атачэньні сваёй камарыльі некалькі разоў выдводзіў людзей з плошчы і тым самым спыняў пераможны народны пратэст.
Вядома, што мноства людзей, перш за ўсё беларуская моладзь пасьля такога падману Мілінкевіча і кампаніі зразумелі, што псэўдаапазыцыя разам з рэжымам адкрыта іх ашукала. Нават Захад перастаў пасылаць гранты правальным псэўдаапазыцыянэрам (вось у чым заключаўся абвешчаны імі “крызіс”). І вось раптам такая гераічная рэанімацыя зьдзьмутага аўтарытэту Мілінкевіча і ягонай кампаніі ў Эўразьвязе. Навошта ім усё гэта?
Выглядае, што Мілінкевіч зьяўляецца для заходнікаў вельмі камфортнай фігурай. Эліта Эўразьвязу і кіраўніцтва Нямеччыны распрацоўваюць з Расеяй маштабны гэшэфт, заснаваны на падзеле сфэраў уплыву ў Эўропе. Расея забясьпечвае Захад энэрганосьбітамі, а Захад аддае Пуціну Беларусь і (калі атрымаецца) Украіну, адкуль мільёны работнікаў павінны быць накіраваныя (уцягнутыя) ў сібірскае рабства пампаваць газ-нафту для Эўропы. Але эўрапалітыкі ня могуць дзейнічаць у адкрытую — на двары эпоха “дэмакратыі і правоў чалавека”. Вось Мэркель і сустракаецца пасьля сакавіцкай дэмаралізатарскай паразы псэўдаапазіцыі зь Мілінкевічам, фатаграфуецца і пазіруе. За ёю гэта робяць некаторыя іншыя эўрадзеячы. Цяпер вось прэстыжовую прэмію далі гэтаму гутаперчываму “барацьбіту”, які ўсьцяж паўтарае: “Расея — наш стратэгічны партнёр”. Сфатаграфаваліся зь ім, прэмію далі. І цяпер могуць заявіць свайму электарату: “А мы за дэмакратыю, мы за дэмакратычную Беларусь, вунь і іхнага лідэра-змагара антылукашэнкаўскай апазіцыі прымаем-узнагароджваем”. Чарговая рэклямная акцыя.
Толькі тавар “з душком”... Андрэй Сахараў, мужны чалавек, перакананы антыкамуніст, які ў змрочныя брэжняўскія часы выступіў супраць гэбоўскай дыктатуры, ня мог ўявіць сабе такой намінацыі-прафанацыі. Прэмія імя Сахарава аддадзена дзеячу, выбарчым штабам якога камандваў камуністычны генсек Калякін. Эўравадэвіль на тэму “аб'яднанай беларускай апазіцыі” і ейнага “агульнага лідэра” (аўтар пьесы — вядомы бэрлінскі драматург Ганс Вік) працягваецца. У зале гасьне сьвятло, падымаецца заслона, гучыць гульлівая музычка... Камічныя акцёры выконваюць свае партыі. Але беларусам не да сьмеху, не да лёгкага жанру ў час, калі вырашаецца лёс нашай краіны.
Валеры Буйвал