ДАСЯГНЕНЬНІ І ПОСЬПЕХІ ЎЛАДЫ ВЯЛІКАГА ГНОМА

27 кастрычніка 2006 г. Славацкая газэта “Novy Cas” паведамляе з Расеі. У Пскове сотні людзей атруціліся сурагатнай гарэлкай, якую яны купілі ў крамах і шапіках. Многія загінулі, у перапоўненых шпіталях бракуе месца для пацярпелых. Другое паведамленьне — пра Пуціна, які заявіў на нядаўнім (26.X.) “тэлемасьце”: “Я кандыдаваць на наступных прэзыдэнцкіх выбарах ня буду”.

Наш камэнтар: Сапраўды, алкагольнай катастрофы такіх маштабаў у Расеі не адбывалася даволі даўно. Лекары ў шпіталях кажуць у тэлекамэру: “Раней адзін-два чалавекі труціліся тэхнічным сьпіртам, а сёньня пацярпелымі завалены нават калідоры...” Атрутная хваля коціцца па Валгаградзкай, Валагодзкай, Цьверскай, Іркуцкай, Уладзімірскай вобласьцях, па Хабараўскім і Прыморскім краях (толькі паводле афіцыйнай статыстыкі катастрафічнае становішча назіраецца ў 10 рэгіёнах РФ). На тэрыторыі Пскоўскай вобласьці ўладамі абвешчана нават “надзвычайнае становішча”. Штодня міліцыя накрывае падпольныя заводы па вытворчасьці псэўдагарэлкі, у якой утрымліваюцца зьнішчальныя рэчывы (затое “дёшево і сердіто”). Расейскі тэлеканал НТВ паведаміў, што расейцы сьпіваюцца, калечацца і гінуць ад атрутнага алкаголю “цэлымі вёскамі, сем'ямі і працоўнымі калектывамі”. Міліцэйскі афіцэр у прыёмным пакоі правінцыйнага шпіталя г. Мурама трасе за грудкі ачмурэлага “Ілью-Муромца” і выпытвае: “Где водку купіл, мужік? Где?” Пад перадсьмяротны хрып тысячаў ахвяраў “любімого русского напітка” Пуцін пераконваў з тэлевізара дорогіх россіян, што за час ягонага прэзыдэнцтва заробкі вырасьлі на 12%, пэнсіі на 11%, а на трэці тэрмін ён “не зьбіраецца кандыдаваць”...

Славацкія аглядальнікі, як звычайна, лёгка паверылі крамлёўскаму гному і далі ягоную “гарантыю” ў загаловак артыкула. А вось беларусы ня маюць права верыць у гэты бадзёры маналёг на фоне гуманітарнай катастрофы на прасторах Расеі. Ніводзін крамлёўскі лідэр дабраахвотна не сыходзіў на пэнсію. Крэмль-Лубяннка разглядаюць менавіта акупацыю Беларусі як магчымасьць застацца пры ўладзе Пуціну і ягонай прыўладнай групе пад сурдзінку “новага дзяржаўнага ўтварэньня”.

Юрка Марозаў