“ТРЭБА БАЙКАТАВАЦЬ ВЫБАРЫ-РЭФЭРЭНДУМ, ЯКІЯ РЫХТУЕ ШКЛОЎСКІ РЭЖЫМ”
30 кастрычніка 2006 г. Швайцарская газэта “Neue Zuercher Zeitung” піша пра рэфэрэндум у Сэрбіі. Сэрбы прагаласавалі за прыняцьце паправак у сваю канстытуцыю. У новым тэксьце падкрэсьлена, што Косава зьяўляецца неад'емнай часткай Сэрбіі. Шмат сэрбаў сьвяткавалі і танцавалі з гэтай нагоды на вуліцах.
Наш камэнтар: Тэлеканалы многіх краінаў зрабілі рэпартажы на гэтую тэму таксама з Косава. Албанскае насельніцтва заяўляе, што не прызнае вынікаў рэфэрэндуму. Адзін таксіст заявіў у тэлекамэру: “Калі сэрбы паспрабуюць захапіць нашую зямлю, то мы будзем бараніцца і будзе вялікая кроў...” Замест таго, каб наладжваць нармальнае жыцьцё ў сваёй краіне, мільёны сэрбаў у чарговы раз спрабуюць рэанімаваць сваю імпэрыю-нябожчыка. Доўга-доўга яны спадзяваліся на “велікого русского друга”. Але “друг” цынічна выкарыстаў іх у сваёй канкурэнцыі з Захадам.
Масква падказала ў 1991 годзе, што Белград можа зьнішчыць, колькі захоча людзей і народаў. Пачалася вайна, якая скончылася паразай сэрбскіх забойцаў-агрэсараў і стварэньнем незалежных нацыянальных дзяржаваў. Як усё ж падобныя сэрбскія імпэрыялісты на сваіх расейскіх аналагаў. Рассыпалася, правалілася ў тартарары іхная імпэрыя, а яны з сур'ёзным выглядам праводзяць рэфэрэндум па далучэньні зямлі, зь якой іх ужо даўно вытурылі змагарныя косаўскія албанцы.
У Маскве рыхтуюць свой рэфэрэндум — для беларусаў. Мабілізуюць шклоўскі рэжым і прысьцёбнутую да яго псэўдаапазіцыю, якія павінны загнаць-завабіць наш народ на рэфэрэндум аб “канстытуцыйным акце” (фактычна аб далучэньні Беларусі да расейскай імпэрыі). Але падступны акупанцкі праект Крамля-Лубянкі скончыцца ў Беларусі правалам. Беларусы не аддадуць сваю краіну акупантам. Дзеля гэтага трэба байкатаваць выбары-рэфэрэндум, якія рыхтуе шклоўскі рэжым.
Валеры Буйвал