ГРУЗІНСКІ АДКАЗ НА РУСКІЯ ПАГРОМЫ ГРУЗІНАЎ
28 кастрычніка 2006 г. Аўстрыйская газэта “Die Presse” паведамляе пра візыт прэм'ер-міністра Грузіі Зураба Нагайдэлі ў Вену. У інтэрв'ю газэце прэм'ер заявіў: “Мяне вельмі непакояць мэтанакіраваныя напады на грузінскіх грамадзянаў, што жывуць у Расеі. Я думаў, што такое арганізаванае дзеяньне супраць пэўнай этнічнай групы магло быць толькі ў мінулым”. Аўстрыйскі журналіст спытаў грузінскага палітыка, ці не зьбіраюцца грузіны адказаць такім жа спосабам расейцам, што знаходзяцца ў Грузіі? Нагайдэлі адказаў: “Ніколі. У грузінскай палітыцы недапушчальна, каб некага перасьледвалі за ягоную этнічную прыналежнасьць”.
Наш камэнтар: Нават аўстрыйцам зразумела, што ўшчынаючы антыгрузінскія пагромы па ўсёй Расеі, Крэмль-Лубянка разьлічвалі, што тэмпэрамэнтныя грузіны пачнуць рабіць тое ж у адносінах да расейцаў. Адкрылася б цудоўная магчымасьць (як думалі лубянскія правакатары), каб абвінаваціць Грузію ў “генацыдзе русского народа” і апраўдаць расейскую агрэсію супраць Грузіі. Пуцінская задумка правалілася, культурны народ адэкватна адрэагаваў на правакацыю.
Тут трэба нагадаць, што нават у самыя змрочныя часы расейскай акупацыі Грузіі аніводзін акупант, аніводзін чужынец не дазваляў сабе публічных зьняважлівых выказваньняў супраць грузінскага народу, грузінскай культуры і мовы. “Говоріте со мной по-человеческі...” (тыповае абплёўваньне беларусаў у Беларусі) — такое ў Грузіі і на ўсім Каўказе было немагчыма. Хто ненавідзеў народ і ягоную мову, той рабіў гэта “про себя”. Бо ведаў, што ў выпадку публічнай зьняважлівай антыгрузінскай дэманстрацыі пакараньне настане абавязкава і будзе незваротным. Прычым афіцыйныя ўлады пакараць не пасьпеюць, а зробяць гэта звычайныя грамадзяне сваёй краіны. Так што расейцы, якія жывуць у Грузіі, паводзяць сабе спакойна. Грузінам і няма за што караць іх. Добрая лекцыя для асаднікаў, што спадзяюцца наладзіць пражываньне па-за межамі Расеі ў іншых краінах.
Юрка Марозаў