УШАНАВАНЬНЕ ДЗЯДОЎ У МЕНСКУ
29 кастрычніка на заклік Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ больш за дзьве тысячы чалавек сабраліся ў цэнтры Менску, каля Гадзіньнікавага завода. Людзі прынесьлі з сабой сьвечкі, кветкі, сьцягі і транспаранты. Аднак, на выйсьцях са станцыі мэтро “Парк Чалюскінцаў” на беларусаў накідваліся грамілы ў цывільнай вопратцы. Яны прымушалі людзей паказваць ім, што ёсьць ў тэчках і заплечніках, забіралі плякаты, сьцягі і парасоны (?). Міліцыянты, якіх на месцы збору ўдзельнікаў шэсьця было шмат, рабілі выгляд, што дзеяньні суб'ектаў у цывільным іх ня тычацца.
Цывільныя не прадстаўляліся, размаўлялі па-расейску, і людзі зразумелі, што яны служаць у КГБ РБ, якое зьяўляецца структурай спэцслужбаў чужой дзяржавы, а менавіта Расеі. Робячы напад на людзей, гэтыя рускамоўныя ў цывільным агрэсіўна паўтаралі, што “шествие запрещено” (хаця арганізатары мелі дазвол ад гарадзкіх і абласных уладаў). Убачыўшы, што правакацыя ня ўдаецца і ўсё больш людзей зьбіраецца пад Бел-Чырвона-Белымі сьцягамі, чэкісты схапілі сямёх маладых беларусаў і зацягнулі іх у пакой міліцыі станцыі мэтро. Тады ўдзельнікі шэсьця заявілі, што застануцца на месцы, пакуль грамілы ня выпусьцяць затрыманых. Шэсьце пачалося толькі пасьля таго, як сямёра юнакоў далучыліся да грамады.
Тысячы людзей прайшлі па праспэкце Скарыны, вуліцах Каліноўскага, Сядых, Гамарніка, Мірашнічэнкі. Большасьць удзельнікаў былі маладыя юнакі і дзяўчаты, якія крочылі побач з былымі вязьнямі ГУЛАГу і барацьбітамі за незалежную Беларусь. Над шэсьцем луналі нацыянальныя Бел-Чырвона-Белыя Сьцягі, людзі несьлі транспаранты “Не забудзем нашых дзядоў”, “Ніякіх саюзаў з імпэрскай Расеяй”, “Вечная памяць ахвярам беларускага народу”, “Саюз з Расеяй — гэта голад і забойствы”. Мужчыны несьлі 12 вялікіх драўляных крыжоў. Начале шэсьця моладзь несла вялікую выяву Пагоні.
У Курапатах адбыўся мэмарыяльны мітынг. Каля Крыжа Памяці людзі прасьпявалі гімн “Магутны Божа”. Потым усе прайшлі па Крыжовай алеі да Трох Крыжоў на Кальварыі. Дэманстранты заслухалі зварот Старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ Зянона Пазьняка “Дзяды — сьвята вечнасьці” (публікуецца). Выступоўцы зьвярнуліся да грамады.
Валеры Буйвал, сакратар Управы Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ:
“Сёньня ў чарговы раз мы прайшлі шэсьцем праз нашу сталіцу пад сьвятымі Бел-Чырвона-Белымі Сьцягамі. Людзей не напалохалі рэпрэсіі і пагрозы. З намі нашы Дзяды. З намі, як заўсёды, крочылі беларусы сталага веку, прадстаўнікі пакаленьня, якое перажыло жахі расейска-бальшавіцкай акупацыі і дачакалася аднаўленьня Беларускай дзяржаўнасьці. Сэрца напаўняецца радасьцю, таму што сёлета з намі так шмат маладых юнакоў і дзяўчат. І яны бароняць нашу Памяць, нашыя хрысьціянскія каштоўнасьці. За маладымі — будучыня Беларусі. Маладых баіцца антыбеларускі рэжым. Гляньце, якія працэсы ідуць па ўсёй Эўропе. Як у розных краінах моладзь змагаецца за вызваленьне радзімы ад фальшывых пярэвяртняў і чужынскай агрэсіі. Ва Угоршчыне моладзь гоніць ад улады групу перафарбаванага камсамольца-мільянэра Дзюрчаня. У Будапэшце юнакі нават завалодалі танкам з Музэя Рэвалюцыі, на якім змагаліся паўстанцы 1956 года. Расейская імпэрыя замахнулася дубінай над невялікай, але моцнай нацыянальным духам Грузіяй. І там моладзь у авангардзе барацьбы за волю і незалежнасьць супраць імпэрскага ворага. Увесну сёлета гераічная беларуская моладзь назвала плошчу, на якой разгарнулася змаганьне супраць антынароднага рэжыму ў сталіцы, плошчай Кастуся Каліноўскага. Успомнім, што Каліноўскі быў малады чалавек, калі змагаўся за Беларусь супраць расейскіх акупантаў. Мы, — старэйшыя, — ганарымся нашай моладзю. Як жа ўсім нам абараніць Бацькаўшчыну?
На цяперашнім этапе вызвольнай барацьбы першай задачай ёсьць недапушчэньне акупацыі Беларусі расейскай імпэрыяй шляхам рэфэрэндуму аб незаконным, антыканстытуцыйным “канстытуцыйным акце”. Гэты рэфэрэндум рэжым зьбіраецца далучыць да маючых адбыцца мясцовых выбараў. Грантаўская публіка, псэўдаапазіцыя ўжо заклікаюць народ ісьці галасаваць і “сказаць сваё НЕ дыктатуры”. Ня верма зазывалам, бо яны дзейнічаюць на карысьць рэжыму і расейскага агрэсара. Ня пойдуць беларусы, як авечкі, забясьпечваць “явку” і “кворум” на фальшывым шоў дыктатуры. Байкот псэўдавыбарам і акупацыйнаму рэфэрэндуму!”
Сяргей Папкоў, намесьнік старшыні Фронту і Партыі:
“Паклонімся нашым Дзядам, якія змагаліся за наш народ і нашу дзяржаву пад Грунвальдам і Воршай. Паклонімся тым, хто быў забіты ў Курапатах і іншых месцах расейскімі акупантамі. Маскоўская імпэрыя зноў імкнецца паняволіць наш народ. Расеі патрэбныя мільёны работнікаў, каб беларусы і ўкраінцы пампавалі газ і нафту ў Сібіры для Захаду, які дамовіўся з Масквой. Сваіх людзей у Расеі няма, памерлі, пасьпіваліся, не надаюцца. Але ў нас ёсьць наша беларуская моладзь — будучыня Беларусі. Салідарнае змаганьне беларускага народу, усіх нашых пакаленьняў зламае захопніцкія пляны маскоўскіх агрэсараў”.
Юры Беленькі, выканаўца абавязкаў у Беларусі старшыні Фронту і Партыі:
“Тыя, хто забіваў нашых дзядоў у Курапатах і іншых месцах пакутніцтва, хочуць зноў вярнуцца на нашу зямлю, каб зноў эксплуатаваць, катаваць і забіваць беларусаў. Цяпер яны вядуць інфармацыйную вайну супраць нас, завабліваюць у Расею. Хочуць, каб наш народ сам пайшоў у маскоўскае рабства праз незаконны рэфэрэндум, які палітычныя прайдзісьветы заплянавалі разам з наступнымі мясцовымі выбарамі. Нельга ўдзельнічаць у незаконным спэктакле дыктатуры. Ня пойдзем на псэўдавыбары і прысьцёбнуты да іх рэфэрэндум аб “канстытуцыйным акце”. Далучыцца да Расеі? Мы не звар'яцелі. Мы спачуваем няшчаснаму расейскаму народу, абрабаванаму крамлёўскімі гаспадарамі. У Расеі мільёны наркаманаў, мільёны расейцаў труцяцца падробнай гарэлкай, народ вымірае. А гэтыя запрашаюць нас туды. Моладзь, вам вырашаць, як жыць далей. Далучайцеся да нацыянальнага змаганьня. Ня верце фальшывым дзеячам, для якіх няма нічога сьвятога”.
Сябра Сойму Фронту і Партыі Пятро Шашкель распавёў пра трагічны лёс сваёй сям'і. Яшчэ дзіцем расейскія акупанты выслалі яго і ягоную сям'ю у Сібір. Бацька загінуў. Памяць аб пакутах і ахвярах прывяла сп. Шашкеля ў Беларускі Народны Фронт у 1988 годзе, калі пачыналася вызваленьне Беларусі ад маскоўскай акупацыі.
Адказны сакратар Управы Партыі Алесь Чахольскі заклікаў людзей далучацца да стварэньня Народнага Мэмарыялу “Лес Крыжоў” у Курапатах.
Малады сябра Фронту і Партыі Янка Марозаў заклікаў беларусаў салідарна змагацца за вольную незалежную Бацькаўшчыну.
Сьвятар Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы айцец Леанід Акаловіч адслужыў багаслужбу і асьвяціў крыжы, якія людзі ўсталявалі на магілах пакутнікаў у Курапатах. Людзі запалілі сьвечкі і зьнічы на магілах. Мітынг скончыўся малітвай і сьпяваньнем гімну “Магутны Божа”.
Інфармацыйная камісія Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ 29 кастрычніка 2006 г.