РЭПРЭСІІ ПА НАЦЫЯНАЛЬНАЙ ПРЫКМЕЦЕ І ЭТНІЧНЫЯ ЧЫСТКІ Ў РАСЕІ

Тбілісі накіраваў у ААН і іншыя міжнародныя арганізацыі дадзеныя пра парушэньні правоў грузінскіх грамадзянаў у Расеі. Таксама грузінскі парлямант прыняў рашэньне стварыць часовую камісію, якая будзе займацца маніторынгам падобных парушэньняў.

Найперш улады Грузіі занепакоеныя масавай дэпартацыяй грузінаў з Расеі. За апошнія тры тыдні ўжо дэпартаваныя каля тысячы чалавек. Паводле грузінскага консула Зураба Патарадзэ, у расейскіх судах знаходзіцца болей як дзьве тысячы справаў, зьвязаных з пытаньнямі выгнаньня. Паводле ягоных жа дадзеных, толькі ў Маскве і Падмаскоўі ў прыёмніках-разьмеркавальніках знаходзяцца 150 грамадзянаў Грузіі, якія чакаюць дазволу на вылет расейскага самалёта ў Тбілісі.

Карэспандэнт Радыё Свабода ў Тбілісі Георгі Кабаладзэ паведаміў, што незалежная тэлекампанія “Руставі-2“ абнародавала сэнсацыйныя матэрыялы пра дэпартацыю этнічных грузінаў з Расеі. Журналісты вядучай грузінскай тэлекампаніі цьвердзяць, што ў іхных руках апынуліся дакуманты Міністэрства ўнутраных справаў Расеі з загадам выявіць і саслаць на радзіму ўсіх этнічных грузінаў, якія зьяўляюцца грамадзянамі Грузіі. У дакумантах сказана, што расейскія суды абавязаны прыняць рашэньне пра дэпартацыю, незалежна ад таго, віза дзейнічае ці пратэрмінаваная.

Выгнаныя грузіны расказваюць журналістам, што пры затрыманьні міліцыя зьневажала іхнюю нацыянальную годнасьць, пагражала, не дазваляла патэлефанаваць ці атрымаць мэдычную дапамогу. Вось такія факты зьбірае адмысловая камісія грузінскага парляманту, а ўсе сабраныя матэрыялы будуць перададзеныя прадстаўнікам Рады Эўропы. Таксама міністэрства юстыцыі Грузіі рыхтуе пазовы да Расейскай Фэдэрацыі ў Міжнародны суд у правох чалавека. У пазоўных заявах будуць падрабязна пералічаныя ўсе выпадкі, калі, паводле грузінскага боку, Расея парушала міжнародныя абавязкі ў пытаньнях працэдуры дэпартацыі нелегальных мігрантаў.

Расейская грамадзкасьць па-рабску падтрымлівае гэтую дзікунскую палітыку. А заходнія аматары “правоў чалавека”, як звычайна, калі справа не датычыць збачэнцаў ды абортаў, маўчаць у хустачку.

Аднак група людзей навукі і культуры ў Расеі надрукавала адкрыты зварот, у якім яны пішуць, што “Расея перажывае дні ганьбы, калі людзей дыскрымінуюць паводле этнічных прыкметаў”. Акторы Лія Ахеджакава, Іна Чурыкава, Сяргей Юрскі, рэжысэр-мультыплікатар Юры Нарштэйн, сьпявачка Алена Камбурава, музычны крытык Арцём Троіцкі і іншыя заклікаюць улады Расеі спыніць “этнічныя чысткі”, “распальваньне міжнацынальнага канфлікту”, “сьмяротна небясьпечныя гульні на нізкіх нацыяналістычных інстынктах натоўпу”. Таксама Асамблея народаў Сібіры выказала занепакоенасьць “паляваньнем на грузінаў — грамадзянаў Расеі” ў Томскай вобласьці. Там міліцыя запатрабавала ад унівэрсытэтаў перадаць ёй дзеля азнаямленьня асабістыя справы студэнтаў грузінскага паходжаньня.

(Паводле радыё Свабода)