ДЗЯДЫ — СВЯТА ВЕЧНАСЬЦІ

(Ліст да дарагіх землякоў)

Новае Беларускае Адраджэньне пачалося з Курапатаў і Дзядоў. Гэта сьведчыць пра глыбіню падзеі, якая выявіла працэс адраджэньня нацыянальнага духу. Дзяды несьмяротныя ў духу, і людзі, якія адзначаюць гэтае сьвята, маніфэстуюць існаваньне вечнасьці. Удумаемся, якая высокая сымволіка закладзена ў гэтай зьяве.

Будучыня грунтуецца на павазе да мінулага. Сэнс будучыні абумоўлены веданьнем мінуласьці. Нацыянальнае адраджэньне Вялікага Княства Літоўскага пачалося ў ХІХ стагоддзі ў новай нязвыклай дагэтуль форме Беларусі. Але не было б ні Адраджэньня, ні Беларусі, калі б нацыянальная ідэя не вынікала і не абапіралася на сваю гістарычную дзяржаўную і народную мінуласьць — на Вялікае Княства.

Стварэньне Беларускай Народнай Рэспублікі — гэта якраз і было аднаўленьне Вялікага Княства Літоўскага ў яго этнічных і тэрытарыяльных межах. Патрабавалася няшмат часу, каб расставіць гістарычныя кропкі над “і”. Але акупацыя і падзел Беларусі паміж акупантамі адтэрмінавалі задачу.

Заўважце, з чаго пачалі акупанты ў першай палове ХХ-га стагоддзя. Са зьнішчэньня Беларускай ідэі, мовы, сымвалаў і гісторыі.

З чаго пачаў прамаскоўскі акупацыйны рэжым Лукашэнкі? Са зьнішчэньня беларускіх нацыянальных сымвалаў, школы, мовы і гісторыі. Гэтая вайна зь беларускім народам вялася і вядзецца паўсюдна, ў тым ліку і ў Курапатах. Для іх (нашых нацыянальных ворагаў) вынішчэньне беларускай гісторыі і культуры ёсьць галоўным дзеяньнем дзеля таго, каб нас не было, каб мы зьніклі з мапы сьвету. То што павінна стаць галоўным для нас, каб адрадзіцца і быць?

Адказ відавочны. Дзяды даюць гэты адказ. І таму Дзяды ёсьць для нас, беларусаў, вялікім нацыянальным сьвятам, якое датычыць душы кожнага чалавека, бо кожны мае продкаў. Не існуе людзей без дзядоў, няма народу без мінуласьці, але ёсьць такія, якім адбілі памяць. Аднак, вы ж бачыце, што чалавек бяз памяці пра свой род не трымаецца сваіх, ён іх не пазнае, ён робіцца духоўна мёртвым для народа.

Маладыя, трымайцеся нашых дзядоў, духоўных і фізычных, трымайцеся сваіх продкаў, шануйце бацькоў, якія пакутуюць перажываюць за вас, калі вас дыскрымінуюць ў вучэльнях, паніжаюць пад арыштам, у судах за дарагую Бацькаўшчыну, за роднае слова.

У Дзень Дзядоў паклянёмся перад продкамі на вернасьць любімай нашай Айчыне. Дзе б вы ні былі, куды б ні закінуў вас змагарны беларускі лёс (за мяжу вучыцца, ці ў высылку, ці ў акупанцкую турму) — памятайма: Беларусь перш за ўсё! Ёй нашы думкі, дзеля яе нашае змаганьне, праца і вучоба. Хай паўсюдна гучыць наша беларуская мова, хай веецца наш сьветазарны Бел-Чырвона-Белы сьцяг, хай імчыцца Пагоня!

Хай будуць у сьветласьці нашы душы — і Вялікія Дзяды ўспамогуць нас.

Слава Дзядам, што ў вечнасьці! Слава вечнай Беларусі — нашаму Вялікаму Княству, якое ніколі не загіне, пакуль мы жывем.

Верма ў сьветлую будучыню Беларусі, якая стане нашым быцьцём!

24-29 кастрычніка 2006 г. Зянон ПАЗЬНЯК