ЛАХЦІНСКІ САМІТ

22 кастрычніка 2006 г. Бэльгійская газэта “De Standaard” (як і СМІ ўсяго сьвету) паведамляе з Лахці ў Фінляндыі, дзе адбыўся саміт Эўразьвязу, на які запрасілі й Пуціна. Прадстаўнікі ЭЗ строга нагадалі крамлёўскаму госьцю пра адключэньне падачы газу на Украіну на пачатку сёлетнега году, што стварыла цяжкасьці таксама й для краінаў Эўразьвязу. Прыпомнілі яму таксама Грузію, Чачэнію, правы чалавека і забойства журналісткі Паліткоўскай. Бэльгійскі аглядальнік з рэдкай для заходнікаў праніклівасьцю заўважае, што валоданьне энэрганосьбітамі дае Расеі “магчымасьці для шантажу”. Эўразьвязаўцы казалі Пуціну, што гэтак нельга і што яны выпрацуюць агульную стратэгію...

Аднак артыкул канчаецца вельмі выразным фіналам: “Але на самой справе Пуцін трымае Эўропу ў кулаку. Яны могуць у Брусэлі і Стразбурзе шмат што казаць, але ня могуць нічога зрабіць супраць Крамля. Пятнічным вечарам менавіта расейскі прэзыдэнт пераможна сыходзіў са сцэны з шырокай усьмешкай: той, які кіруе сваёй краінай усё больш, як цар”.

Наш камэнтар: Падобна, што й сапраўды ўстрывожанасьць кіраўнікоў заходніх краінаў была шчырай рэакцыяй, а не чарговым шоў “о благе народов”. Відаць, пры ўсім заходнім маразме палітычных элітаў, што знаходзяцца пры ўладзе, нават яны вымушаны прыслухоўвацца да разумных экспэртаў і нацыяналістычных ды хрысьціянскіх палітыкаў, якія папярэджваюць іх аб адказнасьці за правальную залежнасьць ад Масквы. Даўно ўжо яны столькі не гаварылі публічна пра недапушчальную энэргетычную залежнасьць ад адной краіны (Расеі) і пра неабходнасьць нешта мяняць.

Ды й сапраўды, ня трэба быць доктарам навук, каб зразумець па статыстыцы і фактах, што цяперашняя Эўропа залежыць ад Расеі значна больш, чым у свой час ад Сталіна і Гітлера, што цяпер ня трэба весьці да Ла-Маншу танкавыя калёны вэрмахта або Чырвонай арміі, ня трэба бамбіць сталіцы і браць палонных. Дастаткова закруціць газава-нафтавы вентыль ды арганізаваць рукамі лубянскай агентуры колькі тэрактаў у стылі бесланскай школы, мадрыдскага вакзала або лёнданскага мэтро. У выніку брусэльская самазамілаваная цывілізацыя затрымціць і пасыпецца на працягу некалькіх дзён. Лахцінскі саміт паказаў сярод іншага, што заходнікі ўрэшце пачалі адчуваць пятлю на сваёй шыі. А галоўны кат намыльвае вяроўку ды пасьмейваецца.

Янка Базыль