МЭРКЕЛЬ: АХ-АХ! “ГЭТА НЕЧУВАЛЬНА, НЕДАПУШЧАЛЬНА!..”
Нямецкая газэта “Frankfurter Allgemeine Zeitung”.
22 кастрычніка 2006 г. Нямецкая газэта “Frankfurter Allgemeine Zeitung” камэнтуе саміт Эўразьвязу: “Расьце залежнасьць Эўразьвязу ад расейскага газу і нафты. Прэзыдэнт Расеі Пуцін наўрад ці супакоіў эўрапейцаў на форуме ў Лахці. Ён адмовіўся даваць дакумэнтальныя гарантыі больш надзейнага энэргазабесьпячэньня”. Далей газэтчык паведамляе, як канцлер Мэркель казала на саміце пра пазіцыю Пуціна: “Гэта нечувальна, недапушчальна!..”
Наш камэнтар: Цікава пачытаць усё гэта. А хіба не канцлер Мэркель нападпісвала пактаў з гэтым “нечувальным” і “недапушчальным”? Можа там быў ейны двайнік? Можа з пяром у руцэ над томскімі паперамі яна ўяўляла сабе ўсё зусім інакш? Сьмешна нават журналістам. Сьмешна, мабыць, мільёнам грамадзянаў краінаў Эўразьвязу. Але ці трывожна ім, ці ўсьведамілі яны ўвесь жах свайго становішча?
На працягу апошніх дзесяцігоддзяў пад злачыннае пустазвонства брусэльскіх чыноўнікаў па тэрыторыі Эўропы ардынскімі хвалямі ідзе новае перасяленьне экзатычных народаў. У той жа час пад парэпаным транспарантам аб “правах чалавека” Брусэль-Бэрлін аддае ў рэжым ізаляцыі і ў расейскае рабства эўрапейскія Беларусь і Украіну, два вялікія народы эўрапейскай, хрысьціянскай традыцыі і культуры. Эўразьвяз калектыўна падпарадкоўваецца энэргаўльтыматумам расейскай імпэрыі. Лубянскі Чынгіз-хан аднаго за адным прымае ў крамлёўскім шатры заходніх князёў: гішпанскага караля, італьянскага прэмьера, угорскага прэмьера... Раздае нафтава-газавыя ярлыкі на княжаньне. Некаторыя (як нямецкі экс-канцлер Шродэр) ужо служаць крамлёўскаму султану на пасылках з адданасьцю палацавага еўнуха. І ўсё гэта публічна, пад выглядам “прафэсійнай палітыкі” і “клопату аб будучыні народаў”.
Але няспынна цячэ рака часу. Тое, што год-два таму было будучыняй, паступова набывае рысы сучаснасьці. Маскоўскі Чынгіз-хан камфортна ўсьміхаецца, з калматага коніка аглядае прасторы Эўропы: багатыя квітнеючыя гарады, сучасныя дарогі і порты, банкі, поўныя золата, а таксама мільёны раўнадушных да свайго лёсу людзей і зьдзяцінелыя, даўно скупленыя варварам круючыя эліты. Няўжо зноў, як тады, — у 13-м стагоддзі, — беларусам і ўкраінцам давядзецца ратаваць Эўропу ад дзікага нашэсьця?
Юрка Марозаў