“ЧЕЛОВЕЧНЫЕ ЧЕЛОВЕКІ” І “КРЕМЛЁВСКІЕ ЖОНЫ”

У верасьні-кастрычніку расейскае тэлебачаньне ашчасьлівіла нас чарговым дакумэнтальна-мастацкім сэрыялам. Рэгулярна з Масквы паказваюць-расказваюць пад рубрыкай “Кремлёвскіе жоны”. Штотыдзень малюецца тэлепартрэт чарговай жонкі з-пад крамлёўскай зоркі.

Трэба прызнаць, што ў фільмах ёсьць шэраг сапраўдных фактаў і ацэнак. Не хаваецца, напрыклад, той факт, што жонкі Молатава, Калініна, Маленкова і шэрагу іншых бонзаў рэжыму патрапілі ў сталінскі ГУЛАГ і вярнуліся адтуль толькі пасьля сьмерці тырана. Але зьвяртае на сабе ўвагу агульная афарбоўка гэтых тэлесюжэтаў. Галоўным у апавяданьні аб “жонах вождей” ёсьць жаданьне стварыць чалавечны і даволі прывабны вобраз самых гэтых “важдзей” і ўсяго таго, што яны тварылі з народам. І так, і гэтак тэлеаўтары падкрэсьліваюць, якімі ўзорнымі сужонцамі і сямейнікамі былі жывадзёры Молатаў, Будзённы, Бэрыя. Яны куплялі падарункі жонкам, займаліся выхаваньнем уласных дзяцей і нават адаптавалі чужых малых. Дэманструецца шэраг сэнтымэнтальных фатаздымкаў з дзецьмі, сабакамі і катамі.

Гледзячы на ўсё гэта, цяперашні тэлеглядач забываецца, што бальшавіцкія баяры-апрычнікі гуляліся са сваімі дзецьмі пасьля працоўнага дня, дзе падпісалі сьмяротныя прысуды тысячам людзей. Што яны куплялі каракулявыя футрачкі сваім жонкам, адправіўшы сем'і сваіх ахвяраў на пакуты і сьмерць у маскоўска-фашыстоўскіх лягярох. Пра ўсё гэта амаль ня слова. А калі сказана, што, напрыклад, Будзённы “ня даў рады з кіраваньнем Заходняга фронту ў чэрвені-верасьні 1941 г.”, то адразу падсоўваецца індульгенцыя — “яго за гэта нельга абвінавачваць”.

Давайце ўявім сабе, што гітлерскія правадыры ацалелі пасьля паразы Нямеччыны ў 1945 г. Што яны апэратыўна наладзілі асуджэньне “культу асобы Гітлера” на ХХ зьезьдзе СС у Бэрліне, арганізавалі першую адлігу, а потым перастройку і гласность пад кіраўніцтвам нейкага жвавога выхаванца Гітлерюгэнда. У гэтай сітуацыі яны б паказвалі насельніцтву дакладна такія ж сэрыялы пра сваіх папярэднікаў. Мы даведаліся б пра тое, што ў Гэбельса было восем чыста арыйскіх дзяцей, зь якімі ён любіў гуляцца. Што Эва Браўн ня лезла ў палітыку, а гатавала фюрэру вэгэтарыянскія абеды. Што ўсё гэта былі вельмі “человечные человекі”.

На нямецкім тэлебачаньні не паказваюць такіх фільмаў. Таму што фашыстоўская імпэрыя разгромлена, яе ідэялёгія і кіраўнікі выкляты чалавецтвам. Таму што законам забаронена ўсхваленьне і сэнтымэнталізацыя фашызму і яго носьбітаў. Іншая справа маскоўскі фашызм-камунізм — его дело жівёт і побеждает. Ён ня можа абысьціся без натхняльнікаў-папярэднікаў (якія зьнішчылі значна больш людзей і народаў, чым нямецкія нацысты). Без ідэялізаваных бэрыяў-молатавых-сталіных цяперашні лубянскі рэжым проста павіс бы ў паветры. Абапірацца ён можа толькі на прасякнутую крывёю мільёнаў ахвяраў глебу, на імпэрскае людажэрства і чалавеканенавісьніцтва. Калі б крамлёўскі монстр адмовіўся ад гэтай жудаснай спадчыны, ён бы перастаў існаваць, адразу праваліўшыся ў пекла.

Юрка Марозаў